«Цяпер шмат хто вінаваціць тых, хто адпусціў Бакіева. Я яго адпусціла, і я гатовая несці адказнасць», — заявіла Роза Атунбаева на навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай рэвалюцыям, якія адбыліся ў краіне ў 2005 і 2010 гадах.
Таксама Атунбаева паведаміла, што гэтае рашэнне было прынятае на просьбу прэзідэнтаў Казахстана, Расіі і ЗША.
«Многія тады не падтрымалі мяне, і мне прыйшлося ўзяць на сябе адказнасць. Прэзідэнты дзвюх дзяржаў настойвалі на гэтым і казалі, што вам патрэбна наша дапамога і мы дапаможам. Я ўпэўненая, што ўсе нашы рашэнні былі прынятыя правільна.
Пасля 7 красавіка Бакіеў знаходзіўся на поўдні і набіраў сілу, у краіне была складаная сітуацыя, якая пагражала перарасці ў грамадзянскую вайну», - адзначыла экс-прэзідэнт.
27 лютага кыргызская генпракуратура паўторна накіравала ў генпракуратуру Беларусі патрабаванне аб выдачы Курманбека Бакіева і яго брата Джаныбека Бакіева для выканання вынесенага ім прысуду. Вайсковы суд Бішкекскага гарнізона прысудзіў К.Бакіеву 24 гады пазбаўлення волі, а яго брату, былому кіраўніку службы дзяржаховы — пажыццёвае зняволенне. Яны завочна асуджаныя па справе аб забойстве экс-кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Медэта Садыркулава, Сяргея Слепчанкі і Кубата Сулайманава.
Курманбек Бакіеў прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 г. на запрашэнне Лукашэнкі. Ён атрымаў беларускае грамадзянства і набыў нерухомасць на ўскраіне Мінска.