ААТ «Белтрансгаз» пабудуе шматфункцыянальны комплекс на месцы аўтавакзала «Маскоўскі».
Адпаведны ўказ № 153 «Аб пытаннях будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў г. Мінску» 4 красавіка падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Дакументам прадугледжваецца рэалізацыя ў 2013–2018 гадах ААТ «Белтрансгаз» інвестыцыйнага праекта па будаўніцтву шматфункцыянальнага комплексу ў Мінску ў межах вул. Філімонава — пр. Незалежнасці — вул. Макаёнка, які ўключае гатэль, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, медыцынскі цэнтр.

Інвестару для будаўніцтва і абслугоўвання шматфункцыянальнага комплексу будзе прадастаўлены ў арэнду зямельны ўчастак плошчай 8,27 га.

За права заключэння дагавора арэнды інвестар выплаціць у бюджэт Мінска $17,2 мільёна.

Тавары, якія ўвозяцца на тэрыторыю Беларусі ў рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, будуць вызваленыя да канца 2018 ад абкладання ўвазнымі мытнымі пошлінамі і падаткам на дабаўленую вартасць.

Інвестар пакрые у бюджэт Мінска страты, звязаныя са зносам аўтавакзала «Маскоўскі» ў суме $13,7 мільёна.

Акрамя таго, інвестар дасць грошы на будаўніцтва развязкі на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава (50% ад кошту праекта), а таксама на будаўніцтва жылога дома на 30 кватэр для шматдзетных сем’яў ($3,3 мільёна).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?