Прэсавы сакратар расейскай карпарацыі ўрываецца ў кабінэт начальніка:

— Усё прапала, шэф! Пасьля зьнішчальнага артыкулу ў выданьні беларускіх нацыяналістаў мы мусім калі не застрэліцца, то гадоў дзесяць пампаваць у сінявокую рэспубліку бясплатны газ!

Праўда, выклікае ўсьмешку?

Між тым гэтая фантасмагорыя навеяная дыскусіяй вакол папярэдняга постынгу. Вось даводзяць: "НН" мусіць выбраць, на чыім яна баку ў цяперашняй псыхалягічнай вайне між Крамлём і беларускім кіраўніцтвам.

Таму вырашыў зрабіць постынг з адукацыйным ухілам:)

Пра псыхалягічныя войны напісаныя горы літаратуры. Во тут ляжыць адна з капітальных працаў. Увогуле ж клясыкам, які сфармуляваў іхнія прынцыпы, актуальныя і па сёньня, лічыцца старажытны кітайскі палкаводзец Сунь Цзы.

Вось некалькі ягоных пастулятаў: 1) разбэшчвайце ўсё добрае, што маецца ў стане вашага праціўніка; 2) уцягвайце выбітных дзеячаў праціўніка ў злачынныя мерапрыемствы; (…) 4) выкарыстоўвайце дзеля гэтага супрацу з самымі подлымі ды гнюснымі людзьмі; 5) распальвайце сваркі і сутыкненьні сярод грамадзянаў варожай вам краіны; (…) 11) пасылайце кабет лёгкіх паводзінаў, каб дапоўніць справу разлажэньня…

Ну і гэтак далей. Уяўляю сабе рэдакцыю "НН" пры выкананьні такіх спэцыфічных задачаў:)

Калі ж сур'ёзна, то афіцыйны Менск і Масква даінтэграваліся да таго, што насамрэч можна казаць аб ужываньні асобных мэтадаў псыхалягічнае вайны. Але гэта ня наша вайна.

Ну чыім, скажэце, "разлажэннем" (заўважце, нават беларускі адпаведнік падабраць цяжка:) мусіць займацца сайт "Нашае нівы"? Мне тут бачыцца найперш пляцоўка калі не аднадумцаў, то, ва ўсякім разе, людзей, што вызнаюць сугучныя каштоўнасьці. Ідэйны іншаплянэтнік ці сьвядомы правакатар бачны на форуме адразу. Мэта аналітычных матэрыялаў і дыскусіяў, на мой погляд, палягае ў тым, каб разам лепей асэнсаваць хаду падзеяў, іх лёгіку, схаваныя чыньнікі ды сэнсы. Калі факты не ўкладаюцца ў пракрустаў ложак канцэпцыі, то пытаньні мусяць быць да канцэпцыі. Жыцьцё багацейшае за любую ідэалёгію. І ўжо зусім сьмешна займацца дзіцячымі вэрбальнымі "гульнямі патрыётаў": хто тут самы сьвядомы, хто самы круты незалежнік…

Безумоўна, ў любой сучаснай псыхалягічнай вайне актыўна выкарыстоўваюцца і мэдыі. Але сьвядома ставіць выданьне на службу ейным мэтам — гэта ставіць крыж на журналістыцы. Нават дзеля сакральных мэтаў (хоць і сакральнасьць ёсьць рэччу суб'ектыўнай) ня варта рабіць СМІ "органамі", фармальнымі ці нефармальнымі.

Скажу нават такую крамолу:) Праблемы асобных недзяржаўных мэдыяў палягалі ды палягаюць ня толькі ў тым, што іх дыскрымінуюць (гэта факт!), але і ў канцэптуальнай крызе. Мітынгавы падыход ужо не працуе, а перабудавацца перашкаджаюць мэнтальныя стэрэатыпы, ангажаванасьць, маргіналізацыя, адсечанасьць ад крыніц інфармацыі і г.д. Памылкова рабіць стаўку на напампоўку незалежных СМІ "баявым" кантэнтам. Мусяць быць не "баявыя лісткі", а паўнавартасныя праекты, якімі кіруюць ня лідэры палітычнай апазыцыі, а прафэсіяналы журналістыкі.

Разумнаму чытачу не патрэбнае кармленьне з лыжачкі "прапагандай наадварот".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?