Як паведаміў дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук, 4 красавіка жыхар адной са сталічных шматпавярховак паведаміў знаёмаму арнітолагу пра птушку, якая забілася ў кут пад’езда.
Высветлілася, што гэта белапузы стрыж, міжземнаморскі горны від, бліжэйшае месца гнездавання якога знаходзіцца за тысячы кіламетраў ад Беларусі.

Як мяркуе спецыяліст, выяўленне міжземнаморскага віду ў Беларусі звязана з анамальнымі ўмовамі надвор’я ў Еўропе. Хутчэй за ўсё, дэзарыентаванага цыклонам стрыжа выпадкова закінула ў далёкую ад натуральных умоў пражывання краіну. На карысць гэтай версіі сведчыць і тое, што віды стрыжоў, звычайныя для Беларусі, яшчэ не прыляцелі з зімоўкі. Гэтыя птушкі, як правіла, вяртаюцца значна пазней.

Як зазначыў Фянчук, белапузы стрыж вызначаецца больш буйнымі памерамі ў параўнанні з іншымі стрыжамі, а таксама белым пузам і горлам. Гэты від харчуецца выключна дробнымі лятаючымі насякомымі.

Каб новы від афіцыйна папоўніў спіс птушак Беларусі, яго рэгістрацыю павінна зацвердзіць Беларуская арніта-фаўністычная камісія.

Як паведаміў Фянчук, зараз спіс птушак Беларусі налічвае 323 віды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0