Мусіла ж так здарыцца, што на зло сучасным феміністкам, гэтаму антыбіялагічнаму фронту глабальнага лявацкага руху, Маргарэт Тэтчэр — першая жанчына на чале Вялікай Брытаніі і самая выбітная жанчына-палітык мінулага стагоддзя — была не толькі кансерватарам, маці двох дзяцей, але і прыхільнікам свабоднага рынку ў якасці першаасновы здаровай чалавечай эканомікі.

Бескампрамісная абарона свабоды чалавека, прычым усведамленне, што эканамічная свабода бадай што важнейшая і фундаментальнейшая за якуюсь іншую свабоду (ці што за яе некаторыя выдаюць) — гэта галоўная яе спадчына, галоўны яе прыклад.

Яна прапаведвала прынцып, што

грамадства можа расці толькі тады, калі людзям развязваюць рукі і калі чыноўнік перастае стаяць у іх над душой.
Толькі тады людзі могуць ператварыцца са статка паразітаў, якія лічаць, што ім усе вінаватыя, у грамадства Асобаў з вялікай літары. Гэта доўгі і складаны шлях, але альтэрнатывы няма:
свабодны рынак і свабодная, адказная за саму сябе асоба — неабходная перадумова для поспеху краіны, гэта даказана ўсёй гісторыяй еўрапейскай цывілізацыі.
Дзяржава ў такой сістэме толькі сочыць за парадкам, стаіць на «падстрахоўцы», дапамагаючы найбольш слабым і ствараючы мінімальныя стартавыя ўмовы — але не больш за гэта.
Адыход ад гэтых прынцыпаў — шлях да катастрофы, як мы маглі пераканацца на практыцы самі,
стаўшы часткай манументальнага правальнага сацыялістычнага і этатысцкага эксперымента пад назвай СССР і дагэтуль жывучы наступствамі гэтага эксперыменту.

Голас розуму заўжды гучыць слабей за прамовы папулістаў. А

папулізм па вызначэнні бывае толькі левы, толькі сацыялістычны:
«узяць усё ды падзяліць», сёння беручы — узяць ды абвінаваціць ва ўсіх бедах буржуяў, габрэяў і Дзярждэп ЗША. Таму гэта заўсёды маленькі цуд, калі ў разбэшчанай сацыялістычным папулізмам Еўропе на супольных выбарах перамагае правы ўрад з правільнымі правымі ідэямі. Тэтчэр, пад чыім началам кансерватары перамагалі тры разы запар, тут апынулася сапраўднай чараўніцай.

Для Беларусі ж Тэтчэр — гэта таксама чалавек, які заўжды клапаціўся за лёс акупаванай камуністамі Ўсходняй Еўропы, актыўна падтрымліваў савецкую «Перестройку» і імкненне Міхаіла Гарбачова рэфармаваць і дэмакратызаваць таталітарную савецкую сістэму. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы тэтчараўскай вонкавай палітыцы Беларусь разам з іншымі савецкімі рэспублікамі аднавіла сваю незалежнасць, гэта ніколі нельга забываць.

І яшчэ цытата «Жалезнай лэды», як быццам бы натхненне для Беларусі:

«Багацце краіны неабавязкова залежыць ад прыродных рэсурсаў, іх адсутнасць можа яму нават спрыяць. Галоўны рэсурс — гэта Чалавек. Што павінна рабіць дзяржава, дык гэта ствараць умовы для раскрыцця чалавечага таленту».

Вялікая палітык, вялікая аратарка, вялікая лідарка. Вечная памяць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?