Шаснаццаты тур чэмпіянату Беларусі па футболе, якія прайшоў у выходныя, стаў адметны замацаваньнем на першай пазыцыі барысаўскага БАТЭ.

Чэмпіён у суботу дома прымаў «Віцебск». Былі перасьцярогі, што БАТЭ не пасьпее як сьлед узнавіць сілы пасьля матчу Лігі чэмпіёнаў зь ісьляндзкім «Хафнаф’ёрдзюрам». Аднак барысаўцы паказалі вясёлы атакуючы футбол і заслужана перамаглі – 4:1. Два галы забіў упершыню выкліканы ў зборную нападнік Віталь Радзівонаў.

У цэнтральным матчы туру МТЗ-РІПА падзяліла пункты з «Гомелем». На гол менчука Афанасьева адказаў Стрыпейкіс – 1:1.

Салігорскі «Шахцёр» упэўнена перайграў наваполацкі «Нафтан» – 3:1. Менскае «Дынама», хоць і панэрвавалася ў канцоўцы гульні, але ўзяло тры пункты ў матчы з «Дарыдай» – 2:1.

Астатнія матчы туру прынесьлі наступныя вынікі: «Нёман» – «Смургоні» 0:1, «Дняпро» – «Дынама» (Берасьце) 3:1, «Менск» – «Тарпэда» 0:0.

Турнірная табліца пасьля шаснаццаці тураў выглядае наступным чынам: БАТЭ – 36 пункты, МТЗ-РІПА – 30, «Гомель» - 26, «Тарпэда», «Шахцёр» - па 25, «Нёман» - 23, «Смургоні», «Дынама» (Менск) – па 21, «Віцебск» - 20, «Нафтан» - 19, «Дынама» (Берасьце), «Дняпро» – па 14, «Менск», - па 12, «Дарыда» - 10.

Найлепшы бамбардзір Раман Васілюк («Гомель») – 17 галоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?