У сераду, 17 красавіка, у Ашмянах будуць судзіць фотаздымкі з альбома, што выдадзены па выніках конкурсу Belarus Press Photo. У сувязі з адпаведнасцю фотаздымкаў артыкулу 1 Закона РБ «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».

Экстрэмізм унюхалі гродзенскія кадэбэшнікі, а адпаведнасць знайшлі эксперты — ідэолагі ды юрысты з тамтэйшых аблвыканкама і ўніверсітэта.

Пакуль невядома, ці пацвердзіць вынаходніцтва цывільных экспертаў Высокі Ашмянскі Суд. Але што працэс будзе вельмі цяжкі, сумневу няма. Паспрабуйце «...не адпаведныя рэчаіснасці выдумкі пра жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь...» спалучыць з тым, што альбом «...адлюстроўвае толькі негатыўныя аспекты жыццядзейнасці беларускага народа...»

У чым суд будзе шукаць экстрэмізм — у «выдумках» ці «аспектах»?

Мусіць, і ў «аспектах», і ў «выдумках», бо менавіта яны па натхнёнай думцы экспертаў «...прыніжаюць нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Беларусі...». А «...дзейнасць грамадзян па здзяйсненні дзеянняў, скіраваных на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, з’яўляецца экстрэмісцкай».

Вось, дарэчы, праблемка для суда — адшукаць экспертаў, якія патлумачаць, што гэта — «дзейнасць грамадзян па здзяйсненні дзеянняў...» ? Дробязь, маўляў, а непрыемна, нават агідна, што на ўзвышэнне нацыянальнага гонару і годнасці не хапае зразумелых словазлучэнняў...

Але найвялікшай праблемай для суда будзе адшукаць у фотаздымках прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці грамадзян, ды яшчэ ў якасці экстрэмізму.

Спатрэбіцца, мусіць, выклікаць у суд грамадзяніна, што ляжыць у крыві пасля збіцця амапаўскім дручком, і спытаць, ці адчуў ён згаданае прыніжэнне. А дзеля аб’ектыўнасці запытацца пра тое ж у амапаўца, што ў пераможнай позе ўзвышаецца над збітым у кроў грамадзянінам...

Спатрэбіцца, мусіць, выклікаць у суд і мяне, бо я злачынна спрычыніўся да прагляду тых здымкаў. Вядома, я патлумачыў бы суду, якая страшэнная рэч — фотаапарат у руках экстрэмістаў. Чакаеш птушку, а вылятае жудасны экстрэмізм у выглядзе выдумак і негатыўных аспектаў.

Іншая справа — птушка, ці пазітыўны аспект.

Як добра і зразумела было да з’яўлення ўсіх гэтых хай­тэкаўскіх фотапрычындалаў! З любога негатыву можна было зрабіць любы пазітыў. Дастаткова было сказаць «чы-ы­ы­з», каб атрымаўся пазітыўны аспект жыццядзейнасці. Нават здымкі у анфас і профіль з розных бакоў лічыліся пазітыўным для грамадства аспектам.

А вось сёння са здымкаў у анфас і профіль ніяк не атрымліваецца пазітыўны аспект. Таму я прасіў бы суд прызнаць адпаведным экстрэмізму гэты негатыўны аспект жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь, які, калі пагадзіцца з экспертамі, «змяншае аўтарытэт дзяржаўнай улады, падрывае давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных або міжнародных арганізацый...» І прыцягнуць да адказнасці фатографа, што не здолеў пераканаць людзей на тых здымках вымавіць аптымістычнае «чы-ы­ы­з»...

Яшчэ я прасіў бы ВАС (Высокі Ашмянскі Суд) звярнуць увагу на некаторыя незаўважныя аспекты мудрагелістай справы. Найперш на тое, як тлумачыць экстрэмізм «Слоўнік замежных слоў» выдання 1954 года, калі фотаальбомы са здымкамі ў анфас і профіль яшчэ існавалі ў якасці пазітыўнага аспекта: «...тэрмін, што звычайна ўжываецца рэакцыянерамі...»

Па­-другое, не забывацца, што ў сусветнай гісторыі існуе куды больш просты і эфектыўны па ўсіх аспектах прэцэдэнт па знішчэнні з дапамогай вогнішчаў экстрэмісцкіх выданняў накшталт кніг Фейхтвангера, Рэмарка ці Зігмунда Фройда... Да таго ж вельмі прывабны для грамадзян, якія ад негатыўных аспектаў у тых кнігах адчувалі прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці...

Па-­трэцяе, вярнуць тое самае прыніжэнне ў кантэкст артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», бо яно стаіць у адным радку з распальваннем расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці, іншымі пачварнымі экстрэмісцкімі з’явамі і менавіта з гэтых з’яваў вынікае...

Па­-чацвёртае, не пакідаць па-за межамі справы ліхаманкавасць у пошуку экстрэмістаў, якая сведчыць толькі аб тым, што насамрэч экстрэмістаў, дзе іх шукаюць, няма, а ёсць несупыннае жаданне цывільных ідэолагаў і абаронцаў, так бы мовіць, дзяржаўнай бяспекі папрацаваць не на краіну, а на ўласнае існаванне.

І, нарэшце, вынесці судовую пастанову ў дачыненні да дзяржаўнай улады, бо са згаданай вышэй экспертызы вынікае, што жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь — гэта адно, а жыццядзейнасць беларускага народа — гэта іншае.

То бок у адным выпадку «выдумкі», а ў іншым — «аспекты». Дзве вялікія розніцы, як сказалі б у Адэсе.

Але ж і ў Ашмянах трэба нешта сказаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?