Праўленне арганізацыі прыняло адкрыты зварот да начальніка УКДБ па Гродзенскай вобласці Івана Каржа, які ініцыюе суд аб прызнанні фотаальбома «Прэс-фота Беларусі 2011» экстрэмісцкім.

Журналісцкая арганізацыя пераконвае яго адклікаць заяву ў суд.

У звароце гаворыцца:

«17 красавіка ў судзе Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці (г. Ашмяны, вул. Савецкая, 39) мае адбыцца разгляд падпісанай Вамі заявы УКДБ па Гродзенскай вобласці «Аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гаворка ідзе пра 41 асобнік фотаальбома «BELARUS PRESS PHOTO-2011».

Мы лічым, што сам факт судовага разгляду пытання пра «экстрэмізм» у фотаздымках з’яўляецца абсурдным.
Фотаздымкі гэтага альбома не ўтрымліваюць заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці і не прапагандуюць яе. Фотаздымкі не ствараюць, а толькі адлюстроўваюць рэчаіснасць. Яны па вызначэнні не могуць «утрымліваць свядома скажоных, не адпаведных рэчаіснасці домыслаў пра жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь» (цытата з дакумента, падпісанага Вамі).

Тое, што прэтэнзіі экспертнай групы выклікала «падборка матэрыялаў фотаальбома ў сукупнасці», сведчыць пра перадузятае стаўленне саміх экспертаў, а не стваральнікаў альбома.

«Прэс-фота Беларусі» — гэта адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі, які праводзіцца штогод, пачынаючы з 2010 года. Фотаздымкі-фіналісты конкурса друкуюцца ў выглядзе альбома (часам — таксама календара).

Фотаальбом «Прэс-фота Беларусі 2011» свабодна прадаваўся ў Беларусі. Фотаздымкі з альбома публікаваліся ў беларускіх перядычных выданнях і з’яўляліся ў стужках інфармацыйных агенцтваў — як недзяржаўных, так і дзяржаўных, таму што пераможцамі конкурса з’яўляліся журналісты розных СМІ. Яны спаборнічаюць у самых розных намінацыях, сярод якіх: «Навіны», «Паўсядзённае жыццё», «Традыцыі», «Мастацтва і забавы», «Рэпартажны партрэт», «Пастановачны партрэт», «Спорт», «Прырода» і інш.

Якім чынам сукупнасць тэматычна разнастайных фотаздымкаў можа прывесці да высновы пра іх «экстрэмісцкую» скіраванасць?

У журы гэтага конкурсу ўваходзяць знакамітыя фатографы — уладальнікі прэстыжных міжнародных прэмій, кіраўнікі вядучых сусветных інфармацыйных агенцтваў.
Менавіта яны выбіраюць фотаздымкі-пераможцы, кіруючыся жаданнем вызначыць самыя прафесійныя творы, а не «адлюстраваць толькі негатыўныя аспекты жыццядзейнасці беларускага народа» ці «прынізіць нацыянальную годнасць і гонар грамадзян Рэспублікі Беларусь» (цытата з дакумента, падпісанага Вамі).
Менавіта суд па такой абсурднай справе, а не змест альбома, здольны «падарваць давер да органаў улады з боку замежных дзяржаў, замежных альбо міжнародных арганізацый» (цытата з дакумента, падпісанага Вамі).

У сувязі з гэтым мы просім Вас адклікаць сваю заяву ў суд Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?