Аляксандр Лукашэнка 12 красавіка падпісаў указ №168 «Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, а таксама колькасці іх работнікаў». Інфармацыю пра гэта распаўсюдзіла прэс-служба прэзідэнтуры.

Як і меркавалася, дакумент прадугледжвае скарачэнне колькасці работнікаў дзяржаўных органаў і арганізацый «у сярэднім на 25%».

Указ зацвярджае новую тыповую структуру выканкамаў, парадак вызначэння колькасці работнікаў апаратаў канцэрнаў, дзяржаўных устаноў, непасрэдна падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржкіравання, бюджэтных арганізацый, што фінансуюцца з бюджэтаў абласнога, базавага i нізавога ўзроўняў.

Указ рыхтавалі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кабякоў і памочніка прэзідэнта Наталля Пяткевіч.

«Колькасць супрацоўнікаў гарадскіх (гарадоў абласнога падпарадкавання), раённых выканаўчых камітэтаў і мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, гарадскіх (гарадоў раённага падпарадкавання), сельскіх, пасялковых выканаўчых камітэтаў вызначаецца абласнымі, Мінскім гарадскім выканкамамі ў межах колькасцi работнiкаў, замацаванай у ўказе», — цытуе прэс-службу БелТА.

Прадугледжваюцца і пэўныя захады па сацабароне звольненых. Гэтак, скарочаным дзяржслужачым на перыяд да ўладкавання на новае месца працы, але не больш чым на адзін год з дня звальнення будзе нададзена адтэрміноўка на пагашэнне крэдытаў на будаўніцтва або набыццё жылля, а таксама для аплаты навучання пры атрыманні першай вышэйшай адукацыі іх дзецьмі.

Лечкамісія і іншыя бясплатныя спецпаліклінікі? Звольненыя дзяржслужбоўцы таксама захаваюць да іх доступ — «права на медыцынскае абслугоўванне ва ўстановах аховы здароўя, у якіх яны абслугоўваліся да звальнення».

Указ уступае ў сілу з сённяшняга дня, 12 красавіка 2013 года. Скарачэнні маюць адбыцца да 1.07.2013.

Мяркуецца, што змяншэнне колькасці чыноўнікаў дасць магчымасць павысіць заробкі тым, хто працу захавае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?