Пасол Венесуэлы Амерыка Дыяс Нуньес на прэс-канферэнцыі ў Мінску 15 красавіка не пацвердзіў і не абверг інфармацыю аб тым, што Беларусь павінна Венесуэле за нафту 2,8 млрд. даляраў.

«Ніякіх прэтэнзій і патрабаванняў да Беларусі Венесуэла не выстаўляе», — сказаў ён у адказ на просьбу пракаментаваць інфармацыю пра доўг Беларусі. Пры гэтым Нуньес паведаміў, што найбліжэйшым часам запланавана пасяджэнне камісіі высокага ўзроўню.

«І Венесуэла мае завінавачанасць перад Беларуссю за праекты ў сферы будаўніцтва жылля і прамысловага будаўніцтва. На камісіі будуць абмяркоўвацца гэтыя пытанні», — адзначыў пасол.

На ўдакладняльнае пытанне, ці існуе ўсё ж завінавачанасць беларускага боку і якія памеры завінавачанасці Венесуэлы перад Беларуссю, дыпламат заявіў: «Мы — сур`ёзныя партнёры, і не можа быць месца для меркаванняў пра магчымую завінавачанасць. Тое, што не абвешчана на афіцыйным узроўні, не мае сэнсу каментаваць. Што да завінавачанасцяў як такіх, то гэта звычайны працэс, калі адзін ці абодва з партнёраў не своечасова аплачваюць нейкую прадукцыю. Усё гэта будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні камісіі».

Пра тое, што Беларусь павінна Венесуэле за пастаўленую нафту 2,8 млрд. даляраў, паведаміў у сакавіку СМІ кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса эканаміст Яраслаў Раманчук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?