Міхал Кучук выклаў на сваёй старонцы «Укантакце» агучаны па-беларуску фільм «Габіт: нечаканае падарожжа». «Габіт — гэта хобіт. Але так бліжэй да арыгінальнага англійскага вымаўлення», — тлумачыць перакладчык карэспандэнту НН.

Фільм паводле Толкіна — ужо трэцяя перакладзеная і агучаная Кучуком па-беларуску стужка.
Раней былі «Мільянер з трушчобаў» і «Аватар».
Міхал родам з Баранавіч, ён не філолаг і не лінгвіст. Жыве ў Маскве і працуе цырульнікам.

Сабраліся і паехалі ў Маскву

«Мы з братам Алегам прыехалі ў Маскву гадоў пяць таму, — расказвае ён. — Проста сабраліся і паехалі. Я на цырульніка вучыўся ў Мінску, а ў Маскве толькі падвышаў кваліфікацыю. Я ўніверсальны цырульнік — і мужчынскі, і жаночы. Брат — таксама цырульнік, ён у Маскве вучыўся. Працуем з ім у салоне».

Пачалося з «Караля Льва»

Адкуль цікавасць да перакладаў? Гэта пачалося гадоў з шасці-сямі, кажа Міхал:

«Першым фільмам, які захацелася перакласці, быў мульцік „Кароль Леў“. Я ўпершыню глядзеў яго па-італьянску
Увогуле, за жыццё давялося шмат паездзіць, лёс так склаўся — жыў за мяжою. У асноўным, у скандынаўскіх краінах. Чаму? Не хачу расказваць, гэта прыватныя рэчы».

Пазбягаць расейскіх словаў

Перакладаць фільмы на беларускую мову Міхал пачаў у Маскве. Спачатку быў спажывецкі інтарэс:

«Пачаў шукаць фільмы па-беларуску, каб глядзець, а іх не было».
25-гадовы Міхал належыць да пакалення, якое пачынала вучыцца ў беларускіх школах:
«Я пайшоў у школу ў 94-м, тады яшчэ ўсе ішлі ў беларускамоўныя класы.
Я і сканчаў беларускі клас».

Перакладаючы, я стараюся пазбягаць словаў, якія ёсць і ў расейскай мове. Беларуская мова, я лічу, багатая на сінонімы. Навошта ўжываць расейскія словы? Напрыклад гномаў я называю «чырвалюды». Гэта слова з дзяцінства — бацька такое ўжываў, памятаю. Бацька са мной гаварыў па-беларуску.

Прашчур задушыў Кейстута

«Мне самому больш даспадобы гістарычныя стужкі, — кажа Міхал. — Але я разумею, што перакладаць карысней папулярнае». Ён цікавіцца гісторыяй, генеалогіяй. У Беларусі не так многа сем’яў з прозвішчам Кучук, і ўсе яны, сцвярджае Міхал, паходзяць ад першапродка, які браў удзел у забойстве вялікага князя Кейстута (1382). Сапраўды, у хроніках, сярод іншых, фігуруе Кучук, каморнік князя Ягайлы.

Што хацелася б перакласці «для сябе»? Міхал адказвае адразу: дакументальную стужку «Дом — спатканне з планетай» Яна Арцюс-Бертрана і Люка Бесона. Там апавядаецца пра 60 краін свету — па 5 хвілін на кожную.

Заробкі маскоўскіх цырульнікаў

«Мы з братам здымаем кватэру, трохпакаёўку ў Падольску. Гэта электрычкай сорак хвілін да цэнтру Масквы. Каштуе трохпакаёўка 20000 рублёў у месяц (каля 670 даляраў — НН). Раней здымаў „аднушку“ ў цэнтры Масквы за 25000 рублёў (каля 830 даляраў — НН). Так, Масква — дарагі горад. Ці хапае грошай на жыццё? Жыць можна па-рознаму, — пасміхаецца Міхал. — Мне хапае. Зарабляю каля 2,5 тысяч даляраў у месяц».

З часам зашліфавалася

«Па першым часе мяне можна было ідэнтыфікаваць як беларуса — вылучаў акцэнт, галосныя гукі мы даўжэй вымаўляем. Але з часам вымаўленне зашліфавалася. Цяпер беларуса ўва мне пазнаюць, толькі калі сам скажу пра гэта.

Ці планую тут заставацца? Не, толькі ў Беларусь.
Гэта пытанне часу. Знядаўна пачаў вяртацца да гэтага думкамі ледзь не штодня. Грошы — можна зарабіць у любым месцы, а душэўны спакой не ўсюды знойдзеш».

Пра аўтарскія правы

«Калі я пераклаў «Аватар» і закінуў на Ютуб, відэа выдалілі з сайту, угледзеўшы ў ім парушэнне аўтарскіх правоў. Да «Габіта…» я дадаў тлумачэнне, што стужка перакладзеная не для камерцыйнага карыстання, а выключна ў адукацыйных мэтах, дзеля пашырэння ўжытку мовы. Калі ў адукацыйных мэтах — аўтарскія правы не парушаюцца.

Перакладзеныя стужкі мусяць быць толькі ў вольным доступе — гэта мой прынцып, —
кажа Кучук. — Была прапанова студыйна запісацца, але чалавек тады ставіў умову, што фільм выйдзе нейкім абмежаваным накладам. Я адразу сказаў «не».

Тэхналогія

«Як адбываецца пераагучка? Я знайшоў сабе добры торэнт-сэрвіс, дзе фільмы выкладзеныя на мове арыгіналу. Спампоўваю. У мяне на пераклад 10 хвілінаў фільма ідзе гадзіна часу. Мяне ніхто не вучыў, я сам асвойваў тэхналогію запісу, шукаў у інтэрнэце інфармацыю, з дапамогаю якіх праграм лепей запісваць гук. Праз інтэрнэт купіў мікрафон для студыйнага запісу…

Пераагучваю фільмы на кухні. Зачыняюся, прашу брата, каб не заходзіў, стаўлю на планшэце фільм, сядаю ў навушніках, слухаю, пішу…

Пасля зводжу разам гук і рух — і заліваю ў інтэрнэт».

Не хапае гучання мовы

«Кожны здольны такое рабіць. Памочнікі тут не трэба. Хоць, я б, канечне, хацеў, каб была нейкая суполка, каб каардынавацца праз інтэрнэт, якія фільмы перакладаць, каб дапамагаць адзін адному. Бо ад гэтых перакладаў, я лічу, ёсць вялікая карысць. Гэта вялізны рух для мовы. Сёння нам не хапае гучання мовы. Напісаных тэкстаў — яшчэ так-сяк, у інтэрнэце іх хапае. Але мы забываем, як наша мова гучыць.

Гэта пачыналася як захапленне, але цяпер перарастае ў нешта большае. Я ўжо гатовы ўкладаць уласныя сродкі ў гэта.

Якой дапамогі б хацеў? Каб мне падказалі, якія для маёй справы ёсць камп’ютарныя праграмы, якія можна было б набыць. Бо я карыстаюся тым, што сам знайшоў у інтэрнэце».

На падыходзе робат

«Наступны я хачу перакласці мульцік пра робата Vall-i. Так што чакайце».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?