Удзельнікі гурту Litesound Дзмітрый і Уладзімір Каракіны 17 красавіка звярнуліся да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка з просьбай распачаць крымінальную справу па факце фальсіфікацыі вынікаў галасавання на конкурсе «Еўрафэст» у 2012 годзе.

У заяве музыканты нагадваюць, што «больш як год таму былі абнародаваны звесткі аб фальсіфікацыі вынікаў нацыянальнага тэлевізійнага праекта «Еўрафэст». «Нягледзячы на тое, што наша права прадстаўляць краіну на конкурсе „Еўрабачанне-2012“ у г. Баку было адноўлена, мы з’яўляемся пацярпелымі, таму што ў дачыненні да нас былі ўчынены супрацьпраўныя дзеянні, — гаворыцца ў заяве. — Асобы, якія сфальсіфікавалі вынікі нацыянальнага адборачнага тура праекта „Еўрафэст“, учынілі падлог дакументаў і дзеянні, якія нанеслі істотны ўрон правам і законным інтарэсам грамадзян, дзяржаўным і грамадскім інтарэсам».

«Аднак, нягледзячы на шырокае абвяшчэнне ў нацыянальных СМІ вынікаў расследавання спецыяльнай камісіяй гэтых супрацьзаконных дзеянняў, расследаванне ў межах крымінальнай справы не праводзілася»,
— падкрэсліваюць браты Каракіны. Яны просяць генпракурора распачаць справу па прыкметах учынення злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 424 і ч. 1 арт. 427 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, учыненае з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці, і службовы падлог).

«Мы чакалі, што ў сітуацыі разбяруцца, але ніякіх крокаў зроблена не было. Справа спушчана на тармазах, і гэта мы лічым абуральным. Учынена сур’ёзнае злачынства», — заявіў Уладзімір Каракін.

Паводле слоў артыста, у яго з братам няма ўпэўненасці, што заява будзе мець дзеянне, таму што могуць уплываць розныя фактары.
«Нам важна быць пачутымі, надаць гэтай справе агалоску і прымусіць прызадумацца», — сказаў удзельнік гурту Litesound.

Па выніках фальсіфікаванага галасавання першае месца на «Еўрафэсце-2012» заняла Алёна Ланская. Пасля расследавання пераможцам быў названы гурт Litesound. Ланская прадставіць Беларусь на «Еўрабачанні-2013».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?