Штогод 14 жніўня ў Слаўгарадскім раёне адбываецца вялікае паломніцтва.

Учора ў Слаўгарадзе аўтамабільны рух не саступаў па напружанасці сталічнаму. Агульны накірунак — 7 кіламетраў ад горада, знакамітая на ўсё наваколле Блакітная крыніца.

Машыны з нумарнымі знакамі розных краін калонай рухаліся да ракі Сож: там, каля пантоннага моста, утварылася вялізная пробка. Па пыльнай дарозе рухаліся фурманкі, веласіпедысты, ішлі бабулі, цягнучы за сабой вазкі з бутэлькамі. Няблізкі шлях для пешых людзей, але вера ў цуд дадае ім сілы.

На вялізным полі каля крыніцы не хапае месца для стаянкі аўтамабіляў. Паводле агульнага ўражання, каля Блакітнай крыніцы сабралася каля 10 тыс. чалавек. Бацькі нясуць на руках немаўлятак, абапіраючыся на кійкі, цягнуцца старыя.

Хай людзі ўбачаць вашымі вачыма
Дасылайце на [email protected] вашы фатаздымкі. Зьмяшчайце народныя навіны. Паведамляйце пра пільныя здарэньні на тэлефоны
(029) 707-73-29,
(029) 613-32-32,
(017) 284-73-29
Хай людзі вас пачуюць!

У капліцы каля крыніцы з раніцы ідзе ўрачыстая служба: вернікі моляцца разам з праваслаўнымі святарамі, запальваюць свечкі. У праграме свята — хрышчэнне і хросны ход вакол крыніцы.

Але самае галоўнае адбываецца каля вады. Людзі масава ідуць праз крыніцу. Паводле старадаўняй традыцыі, трэба перайсці крыніцу тры разы. Гэта, паводле павер’я, збаўляе ад хвароб і прыносіць шчасце.

Блакітная крыніца — гэта помнік прыроды рэспубліканскага значэння. На пагорку пасярод поля б’е вадзяны ключ. Вада праходзіць праз крэйдавыя слаі і ад таго мае непаўторнае блакітнае, бірузовае адценне. Яна і ўзімку, і ўлетку захоўвае адну тэмпературу — 8 °С.

Калісьці побач з крыніцай месцілася вялікая і прыгожая вёска Кліны, аднак цяпер ад яе засталіся толькі закінутыя яблыневыя сады, якія зарастаюць лесам. Гэтыя мясціны пасля чарнобыльскай аварыі аказаліся моцна забруджанымі, людзей хутка выселілі, а іх хаты пахавалі.

Радыяцыя ніяк не адбілася на вадзе. А высокі ўзровень мінералізацыі дазваляе гаварыць пра яе лекавыя ўласцівасці. Народ тут не сумняваецца, што вада з Блакітнай крыніцы — гаючая, падорыць здароўе.

Ларыса Казлоўская з Рагачова прыехала на крыніцу разам з мужам упершыню.

— Мы ў афіцыйнай медыцыне расчараваліся, — разважае Анатоль. — У мяне было ўжо тры інфаркты, таму толькі на Бога і спадзяёмся.

З Быхава прыехала цэлая група паломнікаў. Старыя бабулі, якім за 80, звыкла апранаюць белыя доўгія кашулі і ідуць з галавой акунацца ў ваду.

Свята Блакітнай крыніцы праваслаўная царква адзначае ў дзень памяці святых пакутнікаў Макавеяў.

— У старажытнасці гэта месца называлі Сінім калодзежам, — расказвае настаяцель прыхода Свята‑Петрапаўлаўскага храма ў вёсцы Лясная айцец Георгій. — Тут было калісьці капішча, паганскае свяцілішча радзімічаў.

Айцец Георгій раіць ужываць ваду з Блакітнай крыніцы.

Сьвятар гаворыць, што хадзіць праз крыніцу трэба тройчы, можна таксама 7 разоў альбо нават 40, як рабілі гэта яго сябры, якія прыехалі здалёк. Проста ў гэтых лічбах, растлумачыў айцец Георгій, ёсць старажытная сімволіка паўнаты.

Каб набраць ваду з крыніцы, стаіць цэлая чарга. Жанчыны чэрпаюць вёдрамі. Расказваюць, што паводле мясцовых традыцый, яны закрываюць у ёй агуркі і таматы. «Ой! Як добра стаяць! А якія агуркі ў гэтай вадзе хрумсткія!»

Самыя смелыя скачуць з масткоў у ваду. Сярод іх — Юрый і яго сын Дзіма з Кармянскага раёна Гомельшчыны. Яны злёгку дрыжаць, але весела запэўніваюць, што ім цёпла. Малы перакананы ў карысці вады Блакітнай крыніцы: раней узімку хварэў на прастуду, а пасля мінулагодняга купання — нават ні разу не чыхнуў!

— Нельга выцірацца! — крычыць мінчанка Зінаіда сыну, які палез купацца ў крыніцу. Яна родам са Слаўгарадчыны, і традыцыі ведае добра. Жанчына нічога дзіўнага не бачыць у тым, што яе дзеці вырашылі вылечыць прастуду халоднай вадой.

У кіраўніка Слаўгарадскага раёна Уладзіміра Даніленкі дзень нараджэння прыпадае акурат на 14 жніўня. Ён абавязкова прыязджае ў гэты дзень на крыніцу — хаця б праверыць арганізацыю свята.

— Тут святое месца: людзі схіляюцца перад традыцыямі продкаў і шануюць іх звычаі, — гаворыць Даніленка. — На Блакітнай крыніцы адчуваеш, што над усімі намі ёсць Усявышні і мы павінны рабіць дабро для іншых людзей.

Дарэчы, слаўгарадскія ўлады плануюць у бліжэйшым будучым пабудаваць каля крыніцы некалькі жылых домікаў, каб вандроўнікі маглі спыніцца і адчуваць сябе камфортна. Блакітная крыніца з кожным годам становіцца ўсё больш папулярнай, і ў райвыканкаме разлічваюць прыцягнуць сюды турыстаў.

Андрэй Глускі прыехаў гандляваць мёдам са Шклова. Ён — перасяленец, калісьці жыў непадалёк. З раніцы ў крыніцы купаліся яго цяжарная жонка і маленькі сын.

— Я пра гэту ваду з дзяцінства ведаю, — гаворыць Андрэй. —

Марыя Дзем’янкова прыехала з суседняй Рудні, адкуль да крыніцы толькі тры кіламетры. Яна на крыніцы бывае з 1950‑х гадоў.

— У дзяцінстве нам сюды хадзіць не дазвалялі, — узгадвае бабуля. — На Макавеяў тут за савецкім часам міліцыя стаяла і не давала падысці. На гэтым месцы нават свінарнік пабудавалі, каб выкараніць традыцыю. Але мы ўсё роўна сюды хадзілі. Ноччу тут нашы маці маліліся за мужоў і дзяцей, у свята бабулі самі рабілі хросны ход. І народ сюды ехаў, нягледзячы ні на што.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?