Кэтрын Эштан і Івіца Дакіч у Брусэлі.

Кэтрын Эштан і Івіца Дакіч у Брусэлі.

Сербія і Косава дасягнулі пры пасярэдніцтве Еўрапейскага саюза пагаднення аб нармалізацыі адносін.

Косава ў аднабаковым парадку абвясціла сябе незалежнай дзяржавай у 2008 г. Многія краіны прызналі яе ў такой якасці, але Сербія дагэтуль адмаўляецца зрабіць гэта.

Па ўмовах дамоўленасці аб уступленні Сербіі ў ЕС, Бялград павінен усталяваць нармальныя адносіны з усімі балканскімі краінамі.

У абмен на гэта косаўскія ўлады могуць прызнаць аўтаномію сербскага насельніцтва ў Косаўска-Мітравіцкай акрузе.

Цяперашняе пагадненне было дасягнута ў выніку напружаных перамоваў, якія вяліся ў апошнія месяцы, паміж прэм’ер-міністрам Сербіі Івіцай Дакічам і прэм’ер-міністрам Косава Хашымам Тачы ў Брусэлі.

Назіральнікі зазначаюць, што Сербія, хутчэй за ўсё, пагадзілася прызнаць права Прышціны на кіраванне паўночнай часткай Косава, дзе сербы складаюць большасць. У адказ Косава пагадзілася на даванне сербам аўтаноміі.

Гэта пагадненне адкрывае дарогу для пачатку перамоў аб уступленні Сербіі ў Еўрапейскі саюз.

«Перамовы завершаны. Тэкст пагаднення завізіраваны абодвума прэм’ер-міністрамі», — заявіла Кэтрын Эштан, вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежнай палітыцы, якая была пасярэднікам на перамовах.

У пачатку красавіка Сербія адхіліла праект гэтага пагаднення, заявіўшы, што яго ўмовы не гарантуюць поўнай бяспекі і абароны правоў чалавека косаўскім сербам.

Напружанасць у адносінах паміж албанскім насельніцтвам Косава і этнічнымі сербамі, якія пражываюць у рэспубліцы, не раз у апошнія гады прыводзіла да выбухаў гвалту, асабліва ў памежных раёнах на поўначы Косава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?