Жыхары Бостана дзякуюць паліцыі за арышт тэрарыста.

Жыхары Бостана дзякуюць паліцыі за арышт тэрарыста.

Першы тэрарыстычны акт у Амерыцы пасля 11 верасня выклікаў новую ўвагу да феномену сучаснага тэрарызму. Ва ўчыненні тэракта падазраюць двух амерыканцаў чачэнскага паходжання — братоў Царнаевых. Іх датычнасць выклікае мала сумневаў пасля таго, як яны зацята адстрэльваліся ад паліцыянтаў і прызналіся таксісту, якога змусілі сябе перавозіць, што яны тэрарысты.

Сярод іншых, на падзеі ў Бостане адгукнуўся расійскі праваслаўны інтэлектуал дыякан Андрэй Кураеў.

«У навуцы прынята ўлічваць тысячы нават неўсвядомленых нітак, якімі канкрэтны чалавек звязаны са сваім асяроддзем, сваім мінулым і з тымі ідэнтычнасцямі, якія праз яго яўляюць сябе і дзейнічаюць, — піша Кураеў. —

Тэлеін’екцыі на тэму „ў тэрарызму няма нацыянальнасці і рэлігіі“ кожны раз з прадказальной відавочнасцю спалахваюць пасля чарговага тэракта, і яны проста дурныя. Мо гэта іншапланецяне падрываюць нашы самалёты і школы?» — саркастычна пытаецца ён.

«З „паліткарэктным“ тэзісам можна было б пагадзіцца, калі б вернікі сусветных рэлігій па чарзе ладзілі тэракты. То будысты захопяць школу і расстраляюць у ёй дзяцей… То даосы ўзарвуць самалёт… То хрысціяне падарвуць кінатэатр… Вось у гэтым выпадку можна было б абмежавацца паўторам банальнасці аб тым, што ў кожнага народа ёсць права мець сваіх нягоднікаў… Але ж усё зусім не так».

«Можа быць, тэрарызм — гэта наступства скажонага разумення Карана. Але ж — менавіта Карана, а не кнігі пра Віні-Пуха, — піша Кураеў.
— І ля вытокаў гэтага скажэння стаяць вучоныя ісламскія мужы (улемы), а не непісьменныя арабскія скінхэды. Ісламскі свет родняць са светам тэрору не дрэнныя вучні, а папулярныя настаўнікі! І калі ўлады Саудаўскай Аравіі толькі ў маі 2003 года былі вымушаны адхіліць ад пасадаў 1710 чалавек з духавенства — значыць, праблема не ў адзінках. Пры такіх маштабах тэрарыстычная пропаведзь — гэта хвароба ўжо ўсёй ісламскай супольнасці. І чамусьці калі ў Расеі, Казахстане ці Узбекістане выяўляюць цэнтры падрыхтоўкі тэрарыстаў, то гэтыя цэнтры часцей аказваюцца звязанымі з мячэцямі і мэдрэсэ, чым з клубамі службовага сабакаводства», — іранізуе Кураеў.
«У тэрарыстаў няма рэлігіі? Але яны несумненна і моцна вераць у працяг жыцця пасля выбуху ўласнага цела. А назвы іх арганізацый кажуць пра гатоўнасць ваяваць за іслам, а не за футбол. Іх можна лічыць дрэннымі мусульманамі. Але гэта менавіта мусульмане», — упэўнены Кураеў.

Ведаеце, калі ў заходнім свеце некалькі гадоў таму пачаўся царкоўна-сэксуальны скандал, то каталікам і ў галаву не прыходзіла казаць, быццам у іх у семінарыях выкладаюць гомасэксуалісты, «у якіх няма нацыянальнасці і рэлігіі», а не каталікі. Каталіцкая царква аказалася досыць сумленнай і мужнай, каб у гэтых грэшніках прызнаць сваіх людзей, а, значыць, у іх граху пабачыць і сваю віну. Убачыць — каб пераадолець».

«Так што Царнаевы — гэта ваша, мусульманска-чачэнскае, гаўно, — жорстка выказваецца дыякан. — А п’яны манах на спорткары, падарунку ад вяльможнага палюбоўніка [нядаўні выпадак у Маскве — НН] — наша, руска-праваслаўнае, — самакрытычна прызнаецца ён.
— Сваё трэба прызнаваць сваім, а не крычаць аб сваёй тэфлонавасці. Інакш ад гаўна не пазбавіцца».
Мне здаецца, Кураеў спрашчае, зводзячы ўсё да таго, што ёсць лепшыя і горшыя рэлігіі.

Я не гавару пра тэрарызм кшталту мінскага тэракта 2011 года — іншага характару паскудства. Я гавару пра ідэалагічна ці рэлігійна матываваны тэрор.

Найбольш крывавы тэракт у гісторыі Амерыкі перад 11 верасня, у Аклахома-сіці, учыніў белы амерыканец ультраправых поглядаў. У Бірме ў апошнія месяцы, напрыклад, будысты ўчынілі пагром мусульманскай меншасці — як у нашых краях калісьці жыды, так у Бірме мусульмане апанавалі гандаль і абуджаюць у будыстаў пачуцці зайздрасці і канкурэнцыі.

У гісторыі да тэрарызму прыбягалі многія слабейшыя і пакрыўджаныя — ад княгіні Рагнеды да Ігната Грынявіцкага. Тэрарыстычнымі метадамі славянскія народы Балканаў, грэкі і армяне змагаліся за незалежнасць супраць ісламскай Асманскай імперыі, ірландцы — супраць Брытаніі, баскі — супраць Іспаніі, а бяспраўныя класы і этнасы Расійскай імперыі (перадусім, габрэі) — супраць царызму.
Цяпер такімі «слабейшымі» адчуваюць сябе ў свеце мусульмане ў параўнанні з Захадам. Магчыма, справа ў тым, што панаванне манархій і дыктатараў прывяло іх да адсталасці?
Распачаць «вайну цывілізацый» лёгка, цяжэй стварыць такі парадак у свеце, пры якім усім было б месца. Ці ўсё ж справа ў агрэсіўнасці ісламу, і таму нам, заходняму, хрысціянскаму свету, трэба проста заставацца мацнейшымі, каб абараніць сябе?

А Вы што пра гэта думаеце? (Толькі рацыянальна, калі ласка, без знявагаў рэлігійнага характару.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?