Прэзэнтацыя кнігі, складзенай з артыкулаў, якія Павал Севярынец штотыдзень дасылаў у «Нашу Ніву» з «хіміі», сабрала многіх знакамітых людзей Беларусі.

Імпрэзу распачаў сам аўтар. Першым ён даў слова рэдактару газэты «Наша Ніва» Андрэю Дыньку — аўтару ідэі лістоў зь лесу.

Наступным слова ўзяў Генадзь Бураўкін. Полаччына — цемечка Беларусі, сказаў ён: «І калі ўдумваешся ва ўчынак Паўла, то разумееш, што ўсе тыя сілы, якія супрацьстаяць беларушчыне, імкнуцца ўдарыць грамадзтва менавіта па цемечку, як гэта было ў выпадку суду і сасланьня Севярынца. І для грамадзтва ў такі час самае галоўнае – зразумець гэта, пачуць боль да таго, пакуль вораг яшчэ не разьбіў усю галаву».

Пасьля гэтых словаў Бураўкіна Севярынец прызнаўся чытачам, што цяпер у Менску вельмі сумуе па Сітне.

Наступны выступоўца – Уладзімер Арлоў – у сваёй прамове таксама адзначыў, што цяпер яму вельмі не хапае гэтых мясьцінаў, што ён вельмі сумуе па Паўлавай працы, па кату Партызану, па Зьмітру Дашкевічу, зь якім некалькі разоў сустракаўся ў Сітне. Гісторык зазначыў, што паводле аднаго з вызначэньняў, гісторыя – гэта плоць часу. «Нас усё жыцьцё вучылі, што гісторыю робяць працоўныя масы, пралетарыят і камуністы, але цяпер я разумею, што гісторыю робяць такія мужныя людзі як Павал»

Прэзэнтацыю працягнулі выступы іншых літаратараў: паэтаў Сяргея Законьнікава і Ўладзімера Някляева, гісторыка Анатоля Грыцкевіча, а таксама палітыкаў – лідэра Руху «За Свабоду!» Аляксандра Мілінкевіча і «падзельніка» Севярынца Мікалая Статкевіча.


У Паўла Севярынца гэта ўжо пятая кніга.


Аўтар ідэі "Лістоў зь лесу" Андрэй Дынько жартам запатрабаваў вярнуць сапагі, падораныя Паўлу: "Яны ж на балянсе НН!" І параіў сацыёлягам дасьледаваць уплыў перабываньня Севярынца на масавую сьвядомасьць сіценцаў.


Арлоў успомніў ката Партызана і Паўлавага «супакойніка», які валяўся пад ганкам.


Бацька Генадзя Бураўкіна працаваў у той жа Алешчы, што й Севярынец.


Пакаленьню Сяргея Законьнікава пабываць у ссылках не давялося.


Мілінкевіча ў Сітне ведалі ўсе. «Калі я да Севярынца падыходжу, то шчыра хачу стаць лепшым. Хачу трошкі падцягнуць жывот. І ня я адзіны».


Гісторык Анатоль Грыцкевіч ліставаў Севярынцу штотыдзень. "Таксама можна выдаваць асобнай кнігай!", - зазначыў Севярынец.


Падзельнік.




Пасьля прэзэнтацыі да Паўла выстраілася чарга па аўтографы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?