Я актыўна карыстаюся паслугай электроннай рэгістрацыі на цягнікі ад самага яе з’яўлення. А непрыемнасці ўзніклі менавіта тады, калі спатрэбілася неадкладна раніцай 19 красавіка быць у Віцебску.

Я абрала купэйны вагон у цягніку Баранавічы-Віцебск, які ў Мінск прыбывае ў 23.32.

Пазбегнуўшы стаяння ў чарзе за папяровым білетам, я працягнула правадніцы пашпарт, па якім мяне павінны былі пасадзіць на аплочанае месца. Але ў адказ убачыла яе здзіўлены твар.

І тут пачаўся марафон: жанчына адправіла да начальніка цягніка (але ён не меў інфармацыі пра маю рэгістрацыю) і накіраваў у касу (там не маглі раздрукаваць білет) — зноў да начальніка — да адміністратара... У выніку такіх «няшчасных» назбіралася чалавек дзесяць, і начальнік цягніка прапанаваў выкупіць білеты ў агульны вагон (хаця ўсе аплацілі купэ!). Нават не дапамаглі нашыя мабільнікі, з экранаў якіх мы паказвалі сваю рэгістрацыю: ва ўсім свеце гэтага дастаткова. Канечне, да начальніка прэтэнзій быць не можа — ён дзейнічаў па інструкцыі.

А раздрукоўкі з нашай рэгістрацыяй засталіся ў Баранавічах — іх не перадалі ў цягнік.

Абурыў нават не факт збою ў працы (здараецца), а абсалютнае бяздзеянне работнікаў БЧ. За дваццаць хвілін, што цягнік стаяў у Мінску, можна было шмат чаго зрабіць, каб пасажыры паехалі: патэлефанаваць, прыслаць раздрукоўку па факсе. Ці проста папярэдзіць Мінск-Пасажырскі пра хібы баранавіцкіх работнікаў. Цягнік быў каля трох гадзін у дарозе, а ніхто так і не прызнаўся ў збоі сістэмы альбо нядбайнасці супрацоўнікаў.

У выніку цягнік паехаў з паўпустымі вагонамі-купэ.

Добра, што мой малады чалавек быў на машыне.

Мы зрабілі запіс у кнізе скаргаў, набылі новыя білеты ў купэ (!), узялі з сабой яшчэ некалькі такіх жа гаротнікаў і нагналі цягнік у Барысаве. Раніцай у 5.45 я была ў Віцебску.

Гэтая сітуацыя паказала, што ў супрацоўнікаў БЧ не прадуманы дзеянні на выпадак форсмажорных сітуацый, што і адбылося з намі.

Дадам, што ў Мінск я вярнулася, і электронная рэгістрацыя спрацавала без збояў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?