Тамара Сяргей распавяла карэспандэнту Радыё Свабода:

«Была ў пракуратуры па справе аб маёй скарзе, як раптам мяне запрасіў начальнік управы Віктар Клімаў і ўручыў афіцыйнае папярэджаньне, падпісанае намесьнікам генэральнага пракурора.
У папярэджаньні сказана, што калі я не спыню сваю дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, то супроць мяне завядуць крымінальную справу паводле артыкула 193-прым Крымінальнага Кодэксу.
Паводле названага артыкула праваабаронцы можа пагражаць да 2 гадоў зьняволеньня.

19 красавіка актывісты ініцыятывы «Супроць беззаконьня ў судах і пракуратуры» спрабавалі перадаць Аляксандру Лукашэнку, які выступаў з пасланьнем да Нацыянальнага сходу, пэтыцыю з просьбай разгледзець іх скаргі, бо тыя шмат гадоў застаюцца без увагі чыноўнікаў і судзьдзяў. Сярод удзельнікаў акцыі была і праваабаронца Тамара Сяргей. Яе, а таксама яшчэ больш за 10 актывістаў да будынку Нацыянальнага сходу не дапусьціла ахова Аляксандра Лукашэнкі. Удзельнікаў акцыі міліцыянты штуршкамі і пагрозамі прымусілі сысьці з плошчы Незалежнасьці.

«Гэтае папярэджаньне — плата за тое, што мы хацелі сустрэцца і пагаварыць з Лукашэнкам, вынік шматгадовых намаганьняў людзей, якія шукаюць справядлівасьці. Гэта першая ступень, а другой будзе завядзеньне супроць мяне крымінальнай справы», — пракамэнтавала атрыманьне папярэджаньня ад Генпракуратуры Тамара Сяргей.

Большасьці актывістаў ініцыятывы «Супроць беззаконьня ў судах і пракуратуры» чыноўнікі адмаўляюць у перапісцы. Пэтыцыя, якую актывісты адправілі 19 красавіка Аляксандру Лукашэнку поштай, стала 39-й па ліку за час дзейнасьці ініцыятывы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?