Незалежны Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і іншых галін народнай гаспадаркі плануе рэгулярна праводзіць бясплатныя юрыдычныя кансультацыі для баранавіцкіх жыхароў, піша «Intex-press».

«Мы збіраемся дапамагаць не толькі сябрам нашага прафсаюза, але і ўсім тым, хто будзе звяртацца да нас па дапамогу, калі іх працоўныя правы парушаюцца. На жаль, у гэтым плане ў беларусаў распаўсюджана поўная неадукаванасць.
Нашым людзям даводзіцца наноў тлумачыць, што такое сапраўдны прафсаюз і якія яго функцыі», — распавёў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (Прафсаюз РЭП) і іншых галін народнай гаспадаркі Генадзь Фядыніч на сустрэчы з баранавіцкімі жыхарамі 18 красавіка.

Па яго словах, галоўная мэта бясплатных юрыдычных кансультацый — навучаць людзей адстойваць свае працоўныя правы і аб’ядноўвацца ў змаганні за свае інтарэсы.

«У нашым прафсаюзе няма наймальнікаў, бо гэта тыя людзі, якія пазбаўляюць нас прэміяў і прыціскаюць нашы правы. Для іх у нас — шлагбаўм. Калі ўзнікае сітуацыя не на карысць простага чалавека, з нашага боку не можа быць ніякіх кампрамісаў», — адзначыў Генадзь Фядыніч.

З канца красавіка сябры прафсаюза РЭП плануюць штотыдзень праводзіць бясплатныя юрыдычныя кансультацыі і для жыхароў Баранавіч.

Першая кансультацыя адбудзецца ў чацвер, 25 красавіка, у канферэнц-залі гасцініцы «Гарызонт» з 18.00 да 19.00 (папярэдні запіс па тэлефоне 8-029-5298605).

Прафсаюз РЭП існуе ад 1990 года і налічвае на сёння каля двух тысяч сяброў, сярод якіх каля 10 чалавек — з Баранавіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?