Лідары Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька і «Рэспубліканскай партыі Расіі — Партыі народнай свабоды» (РПР — ПАРНАС) Барыс Нямцоў заявілі аб мэтах сваіх партый — вярнуць краіны да дэмакратычнага развіцця.

Заява была зроблена 24 красавіка ў Мінску на прэс-канферэнцыі па выніках падпісання сумеснага дакумента аб супрацоўніцтве дзвюх партый.

Паводле слоў Лябедзькі, у АГП і РПР — ПАРНАС склаліся «правераныя часам адносіны». «Мы ставім перад сабой аднолькавыя задачы — вярнуць свае краіны на дэмакратычны шлях развіцця», — сказаў ён.

Нямцоў падкрэсліў, што абсалютна згодны з гэтымі словамі. «Мы хочам, каб Беларусь і Расія сталі дэмакратыямі, каб у нашых краінах мянялася ўлада, было незалежнае правасуддзе».

Паводле слоў Нямцова, «сёння пуцінская Расія сямімільнымі крокамі ідзе па шляху Лукашэнкі».

Разам з тым, мяркуе ён, у Беларусі значна больш шанцаў хутчэй стаць свабоднай краінай. «Калі вы станеце свабоднай краінай, Расія таксама будзе мець такі ж шанц. У вас больш шанцаў стаць дэмакратычнымі, таму што ў Расіі ёсць імперскі комплекс, таму што вы знаходзіцеся ў сярэдзіне Еўропы і ў вас няма каўказскага фактару», — сказаў расійскі апазіцыйны палітык.

Нямцоў таксама заявіў, што Лукашэнка і Пуцін «вельмі падобныя, хоць і ненавідзяць адзін аднаго». «Яны падобныя па фальсіфікацыях, таму што і адзін, і другі абалваньваюць свой народ», — сказаў палітык.

Барыс Нямцоў прыехаў у Мінск вечарам 23 красавіка. Сёння ў другой палове дня ў офісе Партыі БНФ запланавана яго сустрэча з беларускай грамадскасцю, на якой будзе абмяркоўвацца тэма беларуска-расійскіх адносін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?