7 жніўня

Казулін 500 дзён

7 ліпеня споўнілася 500 дзён, як былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Казулін знаходзіцца ў турме. Дачка палітвязьня Юлія заявіла пра ціск на бацьку з боку адміністрацыі калёніі і кепскі стан яго здароўя.

Не адзін Мірон у Віцебску

Бел‑чырвона‑белы сьцяг быў узьняты ў цэнтры Віцебску на мачце антэны мабільнай сувязі. Праз паўгадзіны яго зьнялі пажарнікі. Міліцыя затрымала побач з будынкам васемнаццацігадовага маладзёна, якога лічыць за легендарнага Мірона. Аднак першы сьцяг у Лёзна, за які ўзяў на сябе адказнасьць Мірон, быў вывешаны больш за 11 гадоў таму.

Двое затрыманыя, чатыром удалося схавацца

Пасьля 16‑й ў Менску на культурніцкай акцыі, прысьвечанай 490‑й гадавіне выданьня ў Празе «Псалтыра» Францыска Скарыны, затрыманыя шэсьць сябраў Моладзі БНФ.

Маладыя людзі ўскладалі кветкі да помніка Скарыну ля Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама зладзілі пэрформанс. На іх наляцелі два міліцыянты, сталі лавіць.

Пратрымаўшы паўтару гадзіны ў пастарунку, маладых людзей без тлумачэньня прычынаў выпусьцілі.

Абараняць палітвязьняў

Менгарвыканкам адмовіў актывістам руху «За Свабоду» ў правядзеньні пікетаў у падтрымку палітвязьняў. Нібыта на месцы плянаваных пікетаў будуць праводзіцца працы па падрыхтоўцы да сьвяточных мерапрыемстваў, прысьвечаных 940‑годзьдзю Менску.

8 жніўня

Грышчэня і Азарка

Баранавіцкі актывіст Яраслаў Грышчэня пераведзены са статусу падазронага ў абвінавачаныя. Матэрыялы справы складаюць 143 старонкі, тры відэадыскі і 76 рэчдоказаў. У Грышчэні ўзялі падпіску пра нявыезд. Справу пераняў новы сьледчы — В.Паўлоўскі. Хлопца абвінавачваюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт».

Азарку будуць судзіць

Маладафронтаўцы Насьце Азарцы таксама выстаўлена афіцыйнае абвінавачаньне ў крымінальнай справе, распачатай КДБ за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Сьледчы ў Менскай абласной пракуратуры паведаміў ёй, што цягам месяца можа адбыцца суд. Будзе ён у Нясьвіжы.

Шыдлоўскаму дадалі

Суд Партызанскага раёну Менску прыгаварыў моладзевага актывіста Аляксея Шыдлоўскага да 5 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства). «Нахуліганіў» ён нібыта 24 ліпеня. Тым часам А.Шыдлоўскі 25 ліпеня ўжо быў асуджаны на 15 сутак за аналягічнае правапарушэньне, учыненае ім нібыта ў той жа дзень.

Партыі БЭЗ і «Надзея» пад пагрозай ліквідацыі

Вярхоўны суд прызначыў дату разгляду пазову Мін’юсту пра ліквідацыю Беларускай экалягічнай партыі (БЭЗ). Слуханьне пачнецца 29 жніўня. Партыі закідаюць замалы колькасны склад, адсутнасьць рэгіянальных і гарадзкіх структураў, што супярэчыць заканадаўству. Падобныя праблемы паўсталі і перад Беларускай жаночай партыяй «Надзея».

10 жніўня

Севярынцу не далі дазволу

Моладзевага лідэра Паўла Севярынца не выпускаюць за межы Беларусі. У аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага раёну Віцебску палітыку адмовіліся ставіць штамп, які дазваляе выезд з краіны.

Арышт за сьцяг

Раніцай супрацоўнікі міліцыі і службы аховы затрымалі Ільлю Шылу, Андруся Тычыну і Барыса Пархамчука. Прычынаю стаўся бел‑чырвона‑белы сьцяг, што юнакі трымалі ў руках, вяртаючыся зь летніка. Міліцыянты ўжылі ў дачыненьні да непаўналетніх Тычыны і Шылы фізычную сілу. Празь некалькі гадзінаў затрыманых вызвалілі без складаньня пратаколаў.

13 жніўня

Шчукіну параілі

Супрацоўнікі чыгуначнага РУУС Віцебску затрымалі праваабаронцу Валерыя Шчукіна, калі ён зьбіраў ахвяраваньні грамадзянаў на выплату маральнай шкоды Тацяне Буевіч, якая падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы выконвала абавязкі сакратаркі пры старшыні абласной камісіі. За абразу Т.Буевіч і яшчэ трох чальцоў акруговай камісіі Шчукіну прысудзілі сплаціць валанцёрцы выбарчай камісіі 250 тыс. рублёў. Пэнсіянэр Шчукін вырашыў пайсьці зьбіраць грошы на вуліцу са зваротам да грамадзянаў аб аказаньні «65‑гадоваму пэнсіянэру Валерыю Шчукіну фінансавай дапамогі дзеля выплаты 37‑гадовай Тацяне Буевіч сродкаў на маральныя траты». Міліцыянты не знайшлі ва ўлётцы крамолы і празь дзьве гадзіны вызвалілі апазыцыянэра. Пры гэтым папрасілі не распаўсюджваць зварот ды параілі папросту жабраваць.

Клецкая пракуратура

аднавіла крымінальную справу супраць мясцовага актывіста і выдаўца незалежнага бюлетэню Сяргея Панамарова. Яе ўжо адзін раз заводзілі, але пасьля спынілі. Прычынай была нататка ў газэце «Бойкі Клецк», якую сп. Панамароў выдае ўласнымі сродкамі. Кіраўнічка Клецкай юрыдычнай кансультацыі Натальля Семашкевіч палічыла абразьлівай інфармацыю ў адным з артыкулаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?