Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь сумесна з замежным прыватным прадпрыемствам «Брытыш Амерыкан Табака Трэйдынг Компані» 8 мая прадставіць экспазіцыі «Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага» з музеяў Львова і Луцка і «Слуцкія паясы са збору Львоўскага гістарычнага музея».
«Слуцкія паясы са збору Львоўскага гістарычнага музея» — адзін з праектаў Дзяржаўнай праграмы адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы» на 2012—2015 гады.
На выставе будуць прадстаўлены чатыры ўнікальныя паясы.
Два з іх — Слуцкай мануфактуры перыяду Лявона Маджарскага з меткай «У горадзе Слуцку». У арнаментыцы выкарыстаны раслінныя матывы ў выглядзе стылізаваных букетаў кветак, полкі затканыя сярэбранымі і залатымі ніткамі.
Адзін пояс выкананы на фабрыцы Францішка Маслоўскага (1758-1830) у Кракаве, аб чым сведчыць метка на рагу пояса. Яго дэкаратыўнае афармленне цалкам адпавядае традыцыям Слуцкай мануфактуры. У мастацкіх адносінах пояс выкананы ў стылі ўсходніх і слуцкіх узораў.
Чацвёрты пояс не мае сігнатур, але выкананы па лепшых узорах твораў Лявона Маджарскага. Інтэнсіўная каларыстычная гама, захаванне прапорцый, вытанчаны малюнак гарантуюць высокія мастацкія якасці кунтушовага пояса. Пакуль у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь ёсць толькі фрагменты Слуцкіх паясоў.