Лета закончыцца заўтра. У пятніцу яшчэ +30. Але ў суботу ўдзень будзе +16 і пойдуць дажджы.
Незвычайна цёплаю была вясна. Сапраўдная гарачыня стала ўжо ў траўні. А сапраўднае пекла пачалося ў ліпені, калі сыноптыкі паўжартам называлі называлі самым халодным Віцебск, дзе ртутны слупок сягаў +32 градусаў. Месцамі гарачыня ўздымалася да 40 градусаў. Былі пабітыя рэкорды веснавыя, пасьля ліпеньскія, цяпер — жнівеньскія.
14 жніўня ў самым паўночным абласным цэнтры Беларусі — Віцебску слупок тэрмомэтра падняўся да адзнакі +30,1 градуса. Ранейшы рэкорд, зафіксаваны ў 1939 годзе, складаў 29,5 градуса.
У Менску быў паўтораны рэкорд, зарэгістраваны ў 1939 годзе, — 29,6 градуса цяпла.
Небясьпечна стала ўжываць грыбы, нават улюбёныя лісічкі — у іх ад сьпёкі ўтвараецца шмат таксынаў. Няможна купацца ў шмат якіх вадаёмах, ды есьці азёрную рыбу. Рыбы пакутуюць да паразытаў і браку кіслароду. Цяжка й жабам.
Пацяпленьне заўважна шкодзіць хваёвым, гарадзкія дрэвы жоўкнуць без пары, лістота на іх радуе нас добра калі да сярэдзіны лета.
Сьпякота ня дала гэтым годам паласавацца вішнямі ды сьлівамі. У той жа час сялянаў цешыць урадлівасьцю кукуруза, а таксама проса. Навукоўцы бачаць пэрспэктывы вырошчваньня ў Беларусі сорга. Гарачыня робіцца нормай: 7 з апошніх дзесяці летаў былі сьпякотнымі.
Цяжка даецца пацяпленьне клімату людзям з падвышаным ціскам ды хворым сэрцам. Ім прыходзіцца абмяжоўваць актыўнасьць, менш рухацца.
Беларусь не адзіная краіна, што сёлета цярпела ад апалаў. У Вугоршчыне загінула паўтысячы чалавек. Малдова просіць дапамогі праз вялізныя страты ўраджаю.
Ня варта, аднак, паддавацца апакаліптычным настроям. Такія незвычайна гарачыя сэзоны ўжо фіксаваліся ў нашай гісторыі.