Наведаўшы апошні бастыён сацыялізму — нязломную Карэйскую Народна‑Дэмакратычную Рэспубліку, склаў сьпіс рэчаў, якія мяне найбольш уразілі.

Мабільнікі ў мяху

Падчас памежнага кантролю пытаюць: ці ёсць мабільнкі? Аказваецца, карыстацца гэтымі апаратамі на тэрыторыі КНДР забаронена. Мабільнікі памежнікі забіраюць і акуратна кладуць у спэцыяльны мех. Потым яго адносяць на склад, які знаходзіцца проста на тэрыторыі аэрапорту. На зваротным шляху мабільнікі аддаюць. Яшчэ больш цікава паступаюць з ноўтбукамі. Са словаў тых, хто быў у КНДР неаднаразова, правозіць ноўтбукі дазваляюць, аднак потым, калі вас няма ў нумары, спэцыяльныя людзі з Камітэту прыходзяць і капіююць усю інфармацыю зь вінчэстэру.

Стадыёны і шпіёны

Паспрабавалі неяк увечары зайсьці на стадыён, дзе дзяўчаты стукалі ў баскетбол. Салдат з аўтаматам, які стаяў на ўваходзе, перагарадзіў дарогу і знакам даў зразумець, што ўваход забаронены. «Усё ж КНДР ужо ня тая, што была пры Кім Ір Сэне,» — сказаў мне пасьля сябра, які бываў тут раней. Зь яго словаў, у Паўночнай Карэі назіраецца незвычайная палітычная адліга. Прыкладна дзесяць гадоў таму, калі ён спрабаваў прайсьці таксама на нейкі стадыён, вайскоўцы загналі яго штыкамі ў падсобку і ўсю ноч дапытвалі як замежнага шпіёна. Толькі зранку куратары з арганізацыі, якая яго запрасіла, знайшлі небараку.

Прыйшоў, пабачыў, прасьпяваў

Раніца ў Пхеньяне пачынаецца незвычайна. А пятай гадзіне з усіх рэпрадуктараў, якія ёсьць на кожным слупе, пачынаецца трансьляцыя нейкай мэлёдыі. Музыка незвычайная, кшталту авангардных кампазыцыяў Дэвіда Боўі. Пусты горад (тут настолькі чыста, што муніцыпалітэт нават ня траціцца на сьметніцы). Туман. Гучыць нейкая чумная музыка. Нагадвае галівудзкія фільмы пра зомбі.

Карэйцы — вельмі музычны народ. Уся адукацыя ідзе на аснове музычных твораў. Не адстае і партыйнае кіраўніцтва. Падчас візыту ў бункер, дзе ў час вайны знаходзілася стаўка паўночнакарэйскай арміі, паказалі месца, дзе вялікі правадыр у годзе 1952‑м сустрэўся з найлепшымі байцамі з фронту. Сустрэча настолькі яго ўразіла, што ён проста на месцы склаў песьню пра іх подзьвігі і прасьпяваў яе. А на закуску яшчэ назьбіраў каштанаў і засунуў салдатам, якія маршыравалі на фронт, у кішэні.

Дэфіцыт эўрапэоідаў

У мясцовым паўночнакарэйскім кінэматографе ёсьць вялікая праблема. Галоўным чынам тут здымаюць фільмы пра гераічную барацьбу байцоў Паўночнай Карэі з амэрыканскімі імпэрыялістамі ў 1950‑я гады. Дык вось граць тых самых імпэрыялістаў няма каму: людзей з эўрапейскімі мызамі ў Карэі амаль няма. Калі існаваў Савецкі Саюз, праблема яшчэ неяк вырашалася за кошт усходнеэўрапейскіх і савецкіх студэнтаў, якія па абмене вучыліся ў мясцовых ВНУ. Цяпер на гэты конт поўны галяк. Даводзіцца карэйскіх акцёраў мазаць грымам і накладаць ім штучныя насы. Аднак дапамагае мала.

Кім Ір Сэн і ўгнаеньні

Дзіўны форцель выкінула гісторыя зь нябожчыкам Кім Ір Сэнам. Трэба было ж такому адбыцца, што апошні раз ён зьявіўся на экране падчас нейкага прахаднога паседжаньня па пытаньнях угнаеньняў. Спачатку выслухаў чыноўнікаў, а потым, як і належыць, зрабіў усім канкрэтную галавамыйку. На наступны дзень генэралісімуса ня стала. Бедным карэйцам даводзіцца глядзець кожны дзень тую гістарычную нараду (яе ўвечары дэманструюць па тэлеку). Мяркую, што яны ўжо вывучылі на памяць кожную рэпліку прамовы Кім Ір Сэна і ня слаба прасунуліся ў вобласьці ведаў пра кампост.

Паказуха па‑карэйску

Прывезьлі на магілу аднаго зь першых каралёў Карэі. Магіла ўяўляе сабой курган і некалькі помнікаў побач. Адзін зь іх — у выглядзе вялікага мужчынскага органа: вяльможа меў больш за 20 жонак. Чамусьці побач з органам сябры сельскага каапэратыву з суседняй вёскі адзначалі слаўную гадавіну: роўна пяцьдзесят гадоў таму іх каапэратыў наведаў таварыш Кім Ір Сэн.

Мужчыны забойна танчылі адзін з адным пад нейкую папсу, а жанчыны рыхтавалі абед. Паглядзеў мэню. Няслаба жывуць мясцовыя калгасьнікі: крабы, крэвэткі, віно і г.д. Нават засмажылі сабаку з такой нагоды. Аднак потым спэцы па Карэі распавялі, што пабачаны намі сабантуй быў тыповай пацёмкінскай вёскай: так тут часта робяць, каб стварыць у інтурыстаў ілюзію пра тое, што пры Чучхэ ўсім зашыбенна жывецца.

Лінія Кіма

Уразіў мэмарыяльны комплекс — лягер партызанаў атраду Кім Ір Сэна на поўначы краіны. Нас туды прывезьлі спэцыяльным самалётам. Лягер знахо¬дзіцца ў лесе пад гарою Пэкту і ўяўляе сабой пяць‑сем домікаў.

Цікавыя тры рэчы. Па‑першае, як знайшлі лягер: быццам пры канцы 80‑х была моцная бура. Яна паваліла ўсе дрэвы, і лясьнічыя нечакана змаглі пабачыць гэтыя партызанскія зямлянкі. Па‑другое, у лягеры ёсьць супэрэксклюзіў — надпісы, якія зрабіла жонка Кім Ір Сэна на ствалах соснаў у перапынку між баямі. Ствалы з надпісамі цяпер знахо¬дзяцца ў гермэтычных шкляных кубах, напоўненыя спэцыяльным газам. Прыкол у тым, што якраз тут Кім Ір Сэн прачытаў вельмі экалягічную прамову пра тое, як важна клапатліва ставіцца да прыроды.

Нарэшце тут знаходзіцца домік, дзе, паводле афіцыйнай вэрсіі, у 1942 г. нарадзіўся Кім Чэн Ір. Між тым, перад сьмерцю яго бацька Кім Ір Сэн нечакана вызнаў, што ў гэты час ён ужо некалькі гадоў як жыў у СССР. Хто пісаў тыя лёзунгі на дрэвах, хто нарадзіўся ў гэтым доме і ад каго — незразумела, аднак комплекс працуе, як працаваў. Калі мы выяжджалі, туды прывезьлі цэлы грузавік піянэраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?