Плывучы самаходны рэстаран з гучнай назвай «Здань» — перароблены з невялікай баржы і ўкамплектаваны маторам штучны рачны карабель — рыхтавалі да заплыву. Экіпаж у складзе двух чалавек: уладальніка («капітана») і кухара («матроса»), прымаў партыю чарговых кліентаў. Гэта былі: тройка так званых «сорнераў» — хутчэй за ўсё дробных гандляроў з гарадскога базару — з тых, хто прыехаў сюды здалёк і пасяліўся адносна нядаўна, не паспеў запрасіць сваіх жонак, альбо ўвогуле не меў іх, пары мясцовых маладых хлопцаў з пустымі тварамі, што напярэганкі завіхаліся побач іх, і некалькіх дзяўчат з лялечнымі, вясёлымі тварыкамі пэтэвушніц і ў міні-спадніцах. Усе былі на лёгкім падпітку, а адна з дзяўчат бесперапынна павісквала і гучна рагатала тонкім голасам:

— Ха-ха-ха-ха-хі-хі-хі-хі!

Урэшце «капітан» малога і няўклюднага судна падцягнуў сходні, адвязаў канат, і рачная плынь паціху падхапіла плывучы карабель-рэстаран і марудна панесла ўздоўж берага, далей ад прыбярэжнай вуліцы, засмечанай абыяк раскіданымі лодачнымі і аўтамабільнымі гаражамі ды цаглянымі будынкамі прыватных аднапавярховых дамоў.

«Капітан» — сярэдняга веку, мажны апуцак, у шортах і бейсболцы, рызыкоўна распісаны «тату», з чырвоным пульхным тварам, а яго «матрос» — ён жа кухар, які пачаў распальваць за бляшанай перагародкай мангал і рыхтаваць шашлыкі — яшчэ даволі малады, нягеглы, блатнаватага выгляду хлопец, мітуслівы, з істэрычным, у дробных скуллях хітраватым тварам.

Вадаём быў вялікі, некалькі квадратных кіламетраў, эліпсападобны, і з вышыні птушынага палёту, пэўна, нагадваў літару «Ф», дзе прамой рысай была невялікая рака, якая перасякала яго, каб адразу ўліцца ў іншую, нашмат большую. Утвораны штучна, амаль як два дзесяцігоддзі таму на месцы былой поймы побач з горадам, ён і панішчыў малую раку. Тая адразу змізарнела, зарасла па берагах непраходным вербалозам і пустазеллем.

Ад шашы да вады вялі дзве калюжыстыя дарогі, па якіх раз-пораз пад’язджалі на легкавіках аматары рыбнай лоўлі, альбо к ночы хлопцы прывозілі дзевак. Прыязджалі і на матацыклах, скутарах ці роварах, сядзелі па берагах з вудамі-закідухамі, хадзілі са спінінгамі. Нягледзячы на пару-тройку адчувальных забруджванняў (прарывала гарадскую каналізацыю, сцякалі прамысловыя адыходы з заводаў), малая рака зноў і зноў прамывала вадаём сваёй, хоць і слабеючай, але няспыннай плынню, і рыба ў ім вадзілася.

Чалавек на прозвішча Мазур прыехаў на вадаём з прыгараду на ровары, каб у чарговы раз палавіць тут верхаводак. Гэта быў малады мужчына гадоў трыццаці на выгляд, у камуфляжных нагавіцах, красоўках і клятчастай бавоўнавай кашулі. Кароткая стрыжка амаль што прыхоўвала раннюю сівізну на скронях, выцвілыя ад сонца вочы глыбока хаваліся пад надброўямі, а нос увогуле быў амаль ружовага колеру, бо скура з яго пасля раптоўнага загару, пэўна, паціху злязала.

Мужчына выцягнуў з-за спіны вузкі цёмна-сіні чахол, а з яго — дзве лёгкія пластыкавыя вуды. Адну з іх — запасную і даўжэйшую — ён пакінуў у аеры каля вады, а другую разматаў, паціскаў у далоні кавалак цеста, нажывіў крыху на гачок, закінуў жылку з плаўком на некалькі метраў ад берага і — азірнуўся навокал.

Сонца ўжо прайшло зеніт і незаўважна рухалася на захад. Ветру амаль не адчувалася, людзей паблізу ў такі час не было, толькі далёка, на супрацьлеглым беразе, сядзелі з вудамі некалькі нерухомых постацяў.

Плавок раптам пацягнула ўбок, мужчына падсёк, і ладную верхаводку, якая супраціўлялася з усіх сіл, а сіл у гэтай невялікай рыбіны хапала, выкінула з вады. Бліснуўшы ў паветры, рыбіна сарвалася з гачка, але ўжо на беразе, і ўпала ў траву. Мужчына незадаволена хмыкнуў і пайшоў па яе, але раптам спыніўся і заўсміхаўся, нібы пабачыў нешта вельмі для сябе прыемнае.

Гэтым «нешта» быў дзікі кот, а калі больш дакладна, то здзічэлы, бо на выгляд нагадваў звычайнага, можа з дамескам ад «нарвежскага ляснога»: шэры, з трохкутнай галавой і раскосымі зялёнымі вачыма ды пухнатым хвастом, што нагадваў апахала. Кот касавурыўся на рыбіну, аж трымцеў, але чакаў рэакцыі чалавека.

— Ну, прывет! — сказаў яму Мазур і дадаў ласкава: — Забірай, ласуйся, чаго там. Не шкада.

Кот зразумеў, маланкава схапіў рыбіну, далікатна адцягнуў на які метр і, насцярожана пачаў есці з галавы.

Верхаводкі, між тым, актыўна атакавалі нажыўку, час ішоў, сонца ўсё больш адхілялася на захад. На берагах вадаёма палюднела: аматары рыбнай лоўлі пакрысе сцякаліся на вячэрні клёў.

Мазур скарміў кату яшчэ некалькі рыбін, дзясяткі з два іх кінуў сабе ў сумку і прылёг на траву. Мятлік, віхляючыся, пакружыў над ім і адляцеў да ярка расфарбаваных зарасцяў дзядоўніку, высока ў небе лунаў птушыны драпежнік — выглядаў нешта сваё, ледзь чутна звінела жамяра.

— Ну, вось, — напаўголаса звярнуўся да жывёліны Мазур, — цяпер ты не галодны, сонца грэе табе бакі, але ў гэтым свеце ўсё адносна, мой меншы брат. Прыйдзе неўзабаве восень, потым зіма, і ўлюбёныя табой верхаводкі сплывуць на глыбіню, а потым увогуле схаваюцца пад лёд, пачнуцца маразы, і — што тады? У якую нару ты схаваеш свой шыкоўны хвост? То-та і яно. Невядома, адкуль ты тут з’явіўся і невядома, куды ты сыйдзеш у цяжкі час. Можа, у які падвал пад шматпавярховікамі, што грувасцяцца там — за бальшаком? У курыны хлеўчык якога жлаба-прыватніка? У каналізацыйны люк? А чым будзеш харчавацца? Душыць пацукоў? Але ж грызці іх пасля смачных, сакавітых верхаводак — хіба табе будзе, як кажуць, не «ў падлу»? Маўчыш? А ў мяне для цябе ёсць цікавая прапанова. Хочаш — прымеш яе, хочаш — не. Мой адпачынак заканчваецца. Хутка — на працу. Прыеду я сюды праз некалькі дзён, пазней, альбо нават наступным разам з якой сумкай пабольш, пасаджу цябе туды і адвязу дамоў, у цёплую хату, бо ночы ўжо становяцца халоднымі, і спіш ты тут недзе, хутчэй за ўсё, у якой земляной нары. Што скажаш, меншы брат?

Кот выслухаў, нечакана ўзняўся на ногі, пасунуўся да твара мужчыны і ўдзячна баднуў таго галавой.

— Ну, ты, разумнік, — расчулена сказаў мужчына і працягваў: — Калі так, то нам трэба пазнаёміцца, так бы мовіць. Афіцыйна. Мяне завуць Алег, а прозвішча — Мазур. Ну, а цябе — як? Урэшце, прыдумаем табе што-небудзь вартае такога прыгажуна і шчырага братана, як ты. Пра сябе раскажу няшмат, але, каб ты ведаў. Нарадзіўся я тут, на гэтай зямлі, і, як зрэдку кажуць, нікому не пажадаю сваёй радзімы — толькі сабе. Але, тое ўжо другаснае, ха-ха. Найперш табе, можа, цікава, чаму я тут апошнім часам ашываюся. І сапраўды — чаму? Паспрабую, мой меншы брат, адказаць коратка. Інакш, калі хто-небудзь пабачыць і тым больш прыслухаецца, як я тут з табой размаўляю, то справядліва падумае, ці не выклікаць мне сюды «брыгаду». Справа ж, магчыма, у тым, што, на маю думку, «брыгаду» ўжо даўно варта выклікаць усяму свету. Калі-небудзь тое і адбудзецца, і не важна, хто гэта зробіць — Гасподзь Бог ці які іншы Начальнік Сусвету, альбо якая таямнічая Праграма. А пакуль перазагрузка не ў мяне аднаго. Суньцеся, шаноўныя, у так званае Сеціва, і пабачце на свае вочы гэты кішачы, нібы лічынкамі мух, гноеадстойнік. І кожная з іх лічыць сябе вартай сусветнай увагі, не менш. Што ж імі рушыць — усімі тымі юзерамі, блогерамі, хакерамі, браўзерамі, аськамі, чатамі? Людзьмі, якія штодня торкаюць пальцамі ў «клаву» і ядуць вачыма дысплеі? Я зразумеў і — нават не паверыў адразу. Страх. Так, мой меншы брат. Яны ўсе трымцяць ад страху, што праз нейкі час прыйдзе старасць і яны згінуць бясследна ў Сусвеце, у Космасе. Ім трэба неяк сцвердзіць сябе ў Вечнасці. Вось я ем адной рукой смачную падсмажаную рыбіну ў якой-небудзь кавярні, п’ю каву, а другой тыцкаю ў ноутбук і тут жа занатоўваю ў блозе: «я ем рыбіну, зірніце, як я гэта раблю», і здымаю ўсё і, не марудзячы, выкладаю ў Сеціва. Ха-ха. Вось я які — вялікі і значны…

А істэрычная прага да ўсялякіх успамінаў, мемуараў, дзённікаў, зацемак… Хто толькі іх не піша, не заганяе ў Сеціва: генералісімусы, маршалы, генералы, прастытуткі, асенізатары, поп-зоркі, ахмістрыні з атэляў, шпіёны, бандосы, хатнія гаспадыні, сантэхнікі, маньякі, забойцы, спарцмены, дзялкі і чорт ведае хто яшчэ. А ўсялякія спевакі, блазны, прытворшчыкі, вычварэнцы і дураплясы… Ад святла да святла іх жыццярадасныя да ідыятызму тварыкі мільгаюць на экранах. Яны ўсё спяваюць і таньчаць, таньчаць і спяваюць, і канца гэтаму нябачна…

Кот завурчэў. Зноў баднуў мужчыну ў твар, і ўсцешаны і задаволены, задрамаў.

Запанавала працяглая паўза. Мужчына думаў нешта сваё.

— Вось, — урэшце сказаў ён і, як і раней, услых, — хутка і сонца зойдзе, а па захадзе сонца чалавеку заўсёды самотна. Асабліва, калі ён адзін. Не вельмі мне ахвота табе пра гэта гаварыць, варушыць набалелае, але ж — больш асабліва і няма каму. Як таму чэхаўскаму дзядзьку, што спавядаўся каню. Ты, мой меншы брат, вядома, не конь, але ж разумееш мяне не горш. Дык вось — чаму я тут ашываюся і палюю разам з табой на нейкіх няшчасных верхаводак? А таму, што я меў дурасць адпусціць раней жонку з нейкай тургрупай, але, па сутнасці, адну па грашовай пуцёўцы. У Эміраты. Сяброўкі з’ездзілі, і ёй захацелася. Цяпер яна там. Але, як паведаміла днямі па «скайпе» — назаўсёды. Гэта па-навуковаму называецца селебрыфілія: жаданне сэксу і ўсяго там іншага з багатай знакамітасцю, альбо ўвогуле з якім чужынцам. А я толькі звычайны інжынер, праграміст. Здараецца, з раніцы да вечара — за кампутарам. Таксама дзяўбу «клаву». Няўдачнік. Ну, а яна ў мяне — варта прызнаць — прыгожая, пэўна, адна з тамтэйшых знакамітасцяў на яе і запала. А можа і проста які жыгала, ці сутэнёр. Д’ябал бы іх там пабраў: што ім — сваіх баб не хапае? Паехаць самому туды ды заваліць яго? А грошы, а ствол? Не палезеш жа ў самалёт з дзедавым драбавіком пяцьдзясят шостага года мінулага стагоддзя, які цяпер валяецца на антрэсолях? А бабу — валіць таксама? Яна ж, па сутнасці, усяму віной.

Мужчына замаўчаў і задумаўся. Ён успомніў, як пабачыў першы раз сваю будучую жонку ў мясцовым універсаме, як пачаў часцей хадзіць туды, часам без патрэбы, як урэшце пазнаёміўся з маладой прадавачкай, даўганогай і самаўпэўненай. Яе ўпэўненасць у сабе, як аказалася, мела падставы: на конкурсе прыгажунь годам раней яе прызналі «Міс-горад». Ён і не ведаў. І як гэта ён адразу павёўся на той лялечны твар, вялікія чорныя вочы, белазубую ўсмешку пажадлівых вуснаў і ўсё такое? Прыгожая жонка — не твая жонка, як кажуць у народзе. А была ж у яго і нявеста, дзяўчына, з якой сустракаўся дагэтуль, якая чакала, пакуль ён адслужыць у арміі, і… — вось атрымалася, што ён таксама здраднік. Так — здраднік нумар адзін. Тут, зусім недарэчы, мужчына раптам прыгадаў, як па сваёй маладой дурасці, сустрэўшы на вуліцы ці то кінутага, ці то збеглага сабаку — чыстапароднага ратвейлера, прывёў таго дадому, а свайго дварнягу аддаў знаёмаму. І як той, адданы яму дварняжка, у яго адсутнасць — быў на працы — вярнуўся, прыбег здалёк са шворкай на шыі, а ратвейлер загрыз яго на падворку.

Доўгі час яму было ад таго непамысна, і набыты сабака стаў нібы дакорам, пакуль аднойчы не збег ад яго на гарадскія вуліцы следам за сучкай, дзе і быў застрэлены міліцыянтамі.

Мужчына на прозвішча Мазур узняў голаў і ўгледзеўся ў далечыню. Гук матора прыцягнуў яго ўвагу. З вялікай ракі ў пратоцы з’явілася нязграбнае плывучае ўтварэнне, якое ён ужо бачыў тут аднойчы. Карабель-рэстаран. Як быццам нельга адпачыць дзе-небудзь у кавярні ці ў нармальнай рэстарацыі — з сучасным туалетам, ціхай скрыпачкай у куце? Тым больш, калі ў цябе завяліся грошы, — падумаў ён. — Але ж, як цяпер кажуць, прыгожа жыць нікому не забароніш.

Мужчына адчуў раздражненне. Ён жа хацеў палавіць рыбу і на захадзе сонца, адвячоркам. Менавіта тады, перад цемрай, у галаву яму лезуць усякія змрочныя думкі. А як пачынае сутонець, дык з глыбіні можна падняць буйную плотку, падлешчыка ці нават якога не зусім адэкватнага язя ці галаўля. Адхіліцца ад пакутлівых думак… Вялікая рыба з берага, як ён ведаў, бралася тут рэдка, бо вадаём штучна закармілі самі рыбакі. Хоць што яму тая рыба? У хаце ж пуста, і рыбіну няма каму нават пачысціць. Жонка. Яна проста не мела права так зрабіць. Сука. Лярва. А было ж у іх і каханне, і мары, і спадзяванні…

Мужчына аж скрыгатнуў зубамі і застагнаў. Кот адразу спружыніста ўскочыў на лапы і няўцямна зірнуў на яго.

— Спі, братан, спі, — супакоіў яго інжынер Алег Мазур. — Вы, нашыя меншыя браты, адзіныя, хто не здольныя на падлянку. Пачынаючы ад маленькай руплівай пчалы і заканчваючы вялізным кітом. Так-та…

Карабель-рэстаран «Здань» між тым наблізіўся амаль да сярэдзіны вадаёма. Рухавік на ім заглушылі, і адразу па вадзе разнесліся разняволеныя, узбуджаныя галасы, рогат і жаночы віск з непазбежнымі мацюкамі.

— Хі-хі-хі-ха-ха-ха-ха-ха!

На «Здані» пачалося баляванне. Ляснуў корак з бутэлькі шампанскага, над вадой паплыў пах смажанага мяса. «Сорнеры» паціралі далоні, пажадліва елі вачыма дзевак, роблена ўсміхаліся, перакідвалiся словам-другім па-свойму.

«Капітан» сядзеў у міні-рубцы за перагародкай, выпіў на дармаўшчыну шклянку віна і з’еў першы, спробны шашлык, які перадаў яму на шампуры кухар. Твар апошняга раз-пораз перакошвала нярвовая сутарга.

— Музыку! — закрычала раптам адна з дзевак. — З Філіпчыкам! Абажаю Філю.

— Так, так! — падтрымалі яе іншыя.

Праз нейкі час (перакручвалі то адно, то другое) знайшлося і «з Філіпчыкам».

— «Ты не слышишь меня!» — паплыў над вадой саладкаваты голас расейскага поп-спевака.

— «Я не слышу тебя!» — адказваў яму жаночы, не менш саладкаваты.

Дзяўчына, што замаўляла музыку, ускочыла з пластыкавага, прыкручанага да драўлянай палубы крэсла і пачала таньчыць, падпяваючы і карцінна ўздымаючы аголеныя рукі. Ёй няшчыра запляскалі ў далоні.

— Тост! — закрычаў нехта. — За дзяўчат!

Выпілі за дзяўчат, за «капітана». Той-сёй наведаў прыбіральню, цесную, аднамесную будку, якая знаходзілася на карме. Потым зноў пілі, чакалі шашлыкоў. У ваду паляцелі першыя пустыя пляшкі. Іх, а таксама непрыкметна ссунуты ўбок мабільнік аднаго з кліентаў, з прыхаванай асалодай, выкінуў за борт кухар. Урэшце «сорнеры», нібы змовіўшыся, запатрабавалі плыць да берага. Адпачыць крыху на зямлі, пачаставаца шашлыкамі, ну а потым, потым зноў назад, — казалі яны.

— Ну, ведаю, што вам трэба, — неўпрыкмет з’едліва пасміхнуўся кухару «капітан», але запусціў рухавік.

Сутонела. Ярка чырвонага колеру сонечны дыск схіліўся над далягладам. Ад кармы «Здані» пабеглі хвалі, і судна марудна рушыла да берага.

Мужчына на прозвішча Мазур, які ўжо даўно ўзняўся на ногі і закінуў большую вуду на глыбіню, з трывожнай незадаволенасцю сачыў за тым, як шумлівая кампанія на невялікім прагулачным караблі плыве да яго. Была спадзяванка, што гэтыя, як ён лічыў, занадта жыццелюбівыя дурыкі скіруюць куды-небудзь у іншым напрамку, але вясёлы плывун упарта набліжаўся, і ён вырашыў, што на сёння, пэўна, хопіць, прыедзе сюды заўтра альбо пазней, і варта змотваць вуды.

Але з вудай, якую ён закінуў на глыбіню, неспадзявана здарыўся раптоўны зачэп — пэўна які корч апынуўся ля самага берагу, хоць ён і меціў кідаць недалёка, за траву. Шкада было новай жылкі і плаўка, і мужчына, яшчэ больш раздражняючыся, пачаў торгаць вудаўём уверх і ўбакі, каб вызваліць гачок. Але той уеўся ў нябачнага тапельца намертва.

На «Здані» між тым заглушылі матор, узнялі яго ўгору, і судна паволі ўткнулася носам у плёс. Выкінулі сходнікі, і першымі на бераг з рогатам выскачылі дзяўчаты, за імі «сорнеры» і двое мясцовых — «капітан» застаўся на борце. Тое, што непажаданыя «турысты» быццам ва ўпор не заўважалі яго, яшчэ больш узвар’явала Мазура.

Вядома, у душы ён разумеў, што гэтыя нахабнаватыя прыхадні, якія быццам знарок з’явіліся на яго вочы — не вінаватыя ў тым, што здарылася з ім у апошні час. Ён нічога не мае да людзей іншых нацыянальнасцяў, толькі няхай паводзяць сябе прыстойна. Дый і што такога незвычайнага ў тым, што яго цяпер ўжо былая жонка нагледзелася нейкіх саладжавых кіношных гісторый ды тэлесповядзяў шматлікіх поп-зорок і захацела прыгожага жыцця? Не яна першая і не яна апошняя. Галоўны вінаваты ён сам. Так. Дзе былі яго вочы, яго галава, калі ён, былы дэсантнік, біўся за яе з нейкімі прыблатнёнымі дзялкамі, а потым браўся шлюбам? А дойдзе ўсё да суседзяў? Да супрацоўнікаў з іх бюро? І дойдзе ж, дойдзе абавязкова. Цьфу! Вось і цяпер: нейкім дурнаватым і распусным малалеткам захацелася, як кажуць, «адтапырыцца», няхай бы і так, але — нахабная беспакаранасць… Ім тут што — прахадны двор?

— Вам у гэтым месцы — мёдам намазана? — урэшце ў кароткай паўзе паміж надакучлівым хіхіканнем дзяўчат і разняволеным гергетаннем чужынцаў гучна спытаў ён. — Дык я вас сюды не выклікаў!

Яго не толькі ва ўпор не бачылі. Яго не чулі. Затое быццам убачылі ката. Нехта з гіканнем шпульнуў у таго знятым з нагі пантофлем. Жывёла адбегла метры на два і спынілася, насцярожана ўзняўшы вострыя, з кутасікамі, вушы.

— Ды вы што, тупалобцы, зусім з разьбы з’ехалі? — закрычаў інжынер Алег Мазур, які ўжо губляў над сабой кантроль. — Вы што творыце? Так, так, я да вас звяртаюся, і да вас таксама, «вэнджаныя»! Вы што, хамуйлы, набрыдзь — прыехалі тут свае законы ўсталёўваць? Падціраць смэркі аб нашы абрусы? Гадзіць у нашыя рэчкі?

Яго нарэшце пачулі. Усе сціхлі, нават дзяўчаты.

— Гэта што за «перац»? Адрэагаваў першым чамусьці не хто-небудзь з так званых «сорнераў», а кухар. Твар яго перасмыкнула.

— Ты нам, гэта, адпачываць не перашкаджай, — чамусьці з радаснай усмешкай сказаў ён. — Бачыш, як іх усіх разбірае! — І кіўнуў на кліентаў і іх дзевак.

— Эйш, заспяваў, — падробліваючыся пад блатнога здзекліва засіпеў адзін з «мясцовых», набліжаючыся да мужчыны ды няўмела наганяючы страху. — Ты хто такі? Што за панты? Глохні, сука! А то адкажаш за базар: жалязяку на шыю і — на глыбіню.

— Стоп! Стоп! — умяшаўся з борта «капітан». — Навошта гнабіць мужыка? Ён, бачу, з непалахлівых. Пляшку яму, і няхай дадому кіруе! Будзем шчодрымі, ха-ха…

— Сунь сабе тую пляшку ведаеш куды?

— Ну, дык пакуль тое, спакуйце яго, няхай сціхне і падумае, калі ён думаць не ўмее, — спахмурнеў і выказаў прапанову «капітан».

Але ён мог і не працягваць, бо на інжынера Мазура ўжо мусілі накінуцца двое «мясцовых», але той ужо і сам напаў на іх, збіў адразу аднаго з ног трапным «лаў-кікам», другому пацэліў у сківіцу — той узвыў, і тут на яго самога напалі ўсе, акрамя «капітана» і, вядома, дзевак (якія бесперапынна вішчэлі), павалілі на зямлю, пакачалі і нават прыклаліся нагамі: «Стоп! — зноў закрычаў «капітан», — пасля чаго ўсе ўрэшце спыніліся.

— Шашлыкі! — запатрабаваў нехта с «сорнераў». — Кухар! Дзе кухар? Халдэй!

— Так, так! — падтрымала адна з дзяўчат. — І музыку сюды!

— А вось сядзіць коцік! Ты — адкуль? — віскнула другая. — Ды вы зірніце — ён і не думае ўцякаць. Ты чый, коця? Які пухнаты!

Яна прысела на кукішкі і пацягнулася да ката рукой. Той зашыпеў і таргануў лапай.

— Ай, ён мяне падрапаў! — закрычала дзяўчына. — Вось і кроў, глядзіце! А калі ён шалёны?

Мужчына на прозвішча Мазур сядзеў на зямлі, раз-пораз імкнучыся падняцца на ногі, але яго ўсё яшчэ насцярожана прыціскалі за плечы двое «мясцовых». Але неўзабаве пакінулі ў спакоі. Як ён адчуваў, на большае яны не рызыкнуць, не той расклад, але…

Між тым нецярплівыя «сорнеры» пацягнулі дзяўчат, што вяла ім супраціўляліся, за кустоўе, у траву. Адтуль пачуўся віск, рогат, а потым наступіла цішыня, але цягнулася гэта не надта доўга; пакамечаныя — адны за другімі яны зноў з’явіліся ля вады.

Кухар, які сышоў было на бераг, зноў падняўся па сходніках на палубу, засланіўся спінай, зняў з мангала некалькі шашлыкоў на шампурах, старанна апляваў кожны з іх і панёс на бераг.

— Гэта вам за «халдэя». — І ўжо на беразе закрычаў: — Дарагім гасцям — самыя смачныя!

— Мне хто-небудзь палечыць руку? — зноў заенчыла дзяўчына, якая раней няўдала зацікавілся катом. Шаленствам можна заразіцца. Дзе гэты кацяра? А-а, вунь ён, гад, сядзіць, не адыходзіць…

— Не баіся, кветачка ты наша, зараз гарэлкай прадэзенфікуем, — няшчыра пачаў супакойваць адзін з «сорнераў» — той, хто «апекаваў» яе. — Дзе гарэлка? Халдэй!

Сонца, між тым, зайшло, і цені над зямлёй згусціліся і папаўзлі па вадзе.

«Капітан» спусціўся на бераг, падышоў да мужчыны, які, сціснуўшы сківіцы, скамянела глядзеў у далечыню, і спытаў:

— Ну, што засумаваў? Дамоў — не пара? Ды ты не садзіся на крыўду, сам вінаваты.

— Бадай што і праўда паеду, — раптам пасля непрацяглага роздуму згадзіўся мужчына на прозвішча Мазур.

— Ну дык і правільнае рашэнне, — з палёгкай уздыхнуў «капітан» і дадаў «мясцовым»:

— Вуды яму вярніце, каб усё па-часнаку! Ды налейце шклянку.

Прынеслі вуды. Інжынер Алег Мазур сунуў іх у чахол, перакінуў яго за спіну, грэбліва адхіліў гарэлку, сеў на ровар, затрымаўся раптам, убачыўшы ката, які па-ранейшаму нярвова бегаў побач, і — націснуў на педалі.

Праз якую гадзіну мужчына на прозвішча Мазур ужо вяртаўся назад. Ён спяшаўся, і таму штосілы націскаў на педалі. Перасёк бальшак з бясконцым патокам машын і збочыў, урэшце, на дарогу да вадаёма. На шматлікіх калюжынах яго трэсла, і тады ён адчуваў боль у грудзях. Трапілі, пэўна, і па рэбрах, — змрочна

думаў ён.

Амаль сцямнела, але прамень святла ад фары, якую ён абачліва ўсталяваў з месяц раней на руль, добра асвятляў вузкую сцяжынку. Урэшце ён наблізіўся да месца, дзе лавіў верхаводак, а пасля пакінуў баляваць плавучую кампанію прыхадняў, і цяпер, яшчэ не даехаўшы, пабачыў, што «Здань» ужо зноў адплыў амаль на сярэдзіну вялікай вады. На асветленай вісячым ліхтаром палубе, пэўна, па-ранейшаму святкавалі, бо адтуль гучала музыка, даносілася гергетанне «сорнераў», вясёлыя галасы дзяўчат ды знаёмы пранізлівы рогат адной з іх.

— Ха-ха-ха-хі-хі-хі-хі!

Мужчына саскочыў з ровара, і раптам у святле яшчэ не згаслай фары ўбачыў на пяску шэры камяк. На якую секунду ў яго перахапіла дыханне, і ён падумаў: «Не можа быць», але, укленчыўшы, ужо зразумеў, што благое прадчуванне не падманула.

Цельца ката з перасечанай шыяй скурчылася перад ім на зямлі. Яго «меншы брат», лавец верхаводак, быў мёртвы.

— Ну, дык тым больш… Ад шроту не памрэце…

Мужчына на які міг знерухомеў, а потым быццам зусім супакоіўся, рыўком узняўся на ногі, перакінуў з-за спіны цяжкаваты скрутак, выцягнуў адтуль двухствольны курковы драбавік, пераламіў ствалы, вытрас з сумкі некалькі патронаў і зарадзіў адразу двума. Ён падышоў усутыч да вады, ускінуў рулю, прыцэліўся і націснуў на курок, потым на другі.

Стрэлы заглушылі ўсе іншыя гукі і рэхам пракаціліся над вадаёмам. Адразу за імі з борта прагулачнага судна пачуўся істэрычны віск і няўцямныя, спанікаваныя галасы.

Мужчына выкінуў пад ногі гільзы, зноў зарадзіў драбавік і зноў націснуў на абодва куркі разам. Прыклáд аддачай таргануў яму ў плячо.

Чарговы зарад пэўна трапіў у ліхтар на палубе, бо той з трэскам лопнуў і рассыпаўся. На «Здані» стала цёмна.

— Ратуйце! — завішчэў адтуль жаночы голас, — забіваюць!

— Міліцыю! Мабілу сюды! Хутчэй!

— Ай, ай, у мяне трапіла!

— Не страляй! Хто там страляе?

— Хавайцеся!

— Мабіла! Дзе мая мабіла?!

Чалавек на прозвішча Мазур выкінуў на пясок чарговыя дзве гільзы, зноў зарадзіў драбавік. Ускінуў рулю на цёмнага плывучага сілуэта і зноў націснуў на куркі.

На судне зароў матор.

Мужчына памацаў у сумцы. Патронаў больш не было. Пасля чаго размахнуўся і закінуў драбавік у ваду, сабраў з-пад ног гільзы і кінуў следам.

Нейкі час ён маўкліва пастаяў на беразе, а потым знайшоў нерухомае цельца, расшпіліў кашулю і запіхнуў ката, яшчэ цёплага, за пазуху.

Усю дарогу, пакуль ехаў, ён адчуваў гэту паволі знікаючую цеплыню і думаў пра жывёлу і сябе: «Ну вось, хутка і будзем з табой дома. Як абяцаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?