Маці і сястра Уладзіслава Кавалёва, аднаго з двух расстраляных па абвінавачанні ва ўчыненні тэракта ў мінскім метро, просяць паведаміць ім аб месцы яго пахавання. Як сказаў праваабаронца Раман Кісляк, адпаведную заяву Любоў Кавалёва і Таццяна Казяр адправілі 25 красавіка на імя Аляксандра Лукашэнкі, старшыні КДБ Беларусі і начальніка дэпартамента выканання пакаранняў МУС.

Паводле слоў праваабаронцы, у гэтым звароце маці і сястра Уладзіслава Кавалёва спасылаюцца на рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, дзе была разгледжана іх скарга.

У прыватнасці, камітэт указаў, што «захаванне поўнай сакрэтнасці адносна месца пахавання ўяўляюць сабой запалохванне і пакаранне гэтай сям'і шляхам наўмыснага ўтрымання іх у стане нявызначанасці і душэўных пакут».

Кісляк удакладніў, што ў сваім рашэнні Камітэт ААН звярнуўся да беларускіх улад з патрабаваннем паведаміць аб месцы пахавання Уладзіслава Кавалёва яго маці і сястры, а таксама апублікаваць сваё рашэнне ў сродках масавай інфармацыі і прыняць меры, каб такія парушэнні не дапускаліся ў наступным.

«Гэта практыка ўтойвання месца пахавання пакараных смерцю ад іх сваякоў выходзіць за межы цвярозага сэнсу. Я не ўяўляю сабе нейкага разумнага абгрунтавання для захавання такога стаўлення да сем'яў расстраляных», — заявіў праваабаронца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?