1. «Па слядах напалеонаўскіх скарбаў»

Распрацоўшчык — «Кола падарожжаў». Экскурсія з элементамі анімацыі па памятных месцах вайны 1812 года. Па словах гісторыка Ігара Груцо, які складаў маршрут, «1812 год — сусветна вядомы брэнд, а турыстычны патэнцыял Бярэзіны ў нас слаба выкарыстоўваецца». Экскурсіі плануецца пачаць у маі. Прыкладны кошт — 250 тысячаў з чалавека.

2. «У маёнтку мінскага ваяводы»

Распрацоўшчык — «Сям’я — Яднанне —Айчына». Гэты маршрут прывядзе ў вёску Сёмкава (Мінскі раён), дзе жыў апошні мінскі ваявода Адам Хмара і дзе захаваліся рэшткі яго палаца. У Сёмкаве пэўны час жыў і пісаў Якуб Колас, на панскім бровары працаваў Янка Купала, а ў мясцовай царкве пабраліся шлюбам бацькі Максіма Багдановіча.

3. «Адзін дзень у войску»

Распрацоўшчык — «Лінія Сталіна». Карпаратыўная праграма, якая дазваляе адчуць сябе жаўнерам Чырвонай Арміі 1930-х гадоў. Удзельнікам дасылаюць позвы, з месца збору іх дастаўляюць ў адмыслова пабудаваныя казармы. Там навабранцаў будуць вучыць падшываць каўнерыкі, намотваць анучы. Не абыдзецца без рукапашнага бою, стралковай падрыхтоўкі і нарадаў па кухні. Распрацоўшчыкі заяўляюць, што праграма была паспяхова апрабаваная на дзвюх групах японцаў. Цана на «Адзін дзень у войску» пачынаецца ад $40 даляраў у дзень з чалавека.

4. «Гітлер капут!»

Распрацоўшчык — «Лінія Сталіна». Зноўку ж вы чырвонаармеец, які едзе ў мотакалоне (такая опцыя даражэйшая) ці ідзе ў пешым шэрагу. Зразумела, неўзабаве на вас нападаюць немцы, але Чырвоная Армія гераічна адбівае атаку. Пасля пераможцаў чакаюць франтавыя 100 грамаў і кацялок кашы. Дарэчы, можна ваяваць і за немцаў. Цана разлічваецца ў залежнасці ад памеру групы і насычанасці праграмы.

5. «Дарогамі паўстанцаў»

Распрацоўшчык — «Краіна замкаў». Аднадзённая экскурсія па маршруце Малое Мажэйкава — Ішчална — Галавічполле — Васілішкі — Пеляса — Нача — Шаўры — Ліда правядзе турыстаў па ключавых месцах дзеяння паўстанцкага атрада Людовіка Нарбута, які змагаўся ў 1863. Цана экскурсіі: 230 тысяч для дарослых і 210 тысяч для дзяцей да 14 гадоў.

6. «Шляхамі 1863 года»

Распрацоўшчык — «Дэльфін груп». На выбар прапануецца два маршруты: па Брэстчыне і па Гродзеншчыне. Падчас вандроўкі экскурсаводы будуць апранутыя ў строі паўстанцаў Каліноўскага, што паспрыяе большаму пагружэнню ў атмасферу эпохі. Цана на падарожжа дастаткова дэмакратычная — 210 тысяч па Брэстчыне і 235 тысяч па Гродзеншчыне. Дзецям — зніжкі.

7. «Вялікая культурная гісторыя і Вялікая вайсковая слава Віцебшчыны»

Распрацоўшчык — «РайдаТур». Экскурсія-анімацыя па схеме «дзень+ноч+дзень» па Расонскім і Полацкім раёнах Віцебскай вобласці. Гэта своеасаблівы «вінегрэт» на аматара, але дастаткова насычаны: у экскурсіі задзейнічаны фальклорны калектыў, партызаны, а затым — сярэднявечныя рыцары. У праграме таксама прадугле-джана дэгустацыя нацыянальных беларускіх страў, жывога піва ды квасу. Экскурсія для груп. Цана: 1 мільён 100 тысячаў з чалавека.

8. «Мухавэцька кумора»

Распрацоўшчык — Грамадскі савет па аграэкатурызме Кобрынскага раёна. «Мухавэцька кумора» прапануе экалагічны маршрут уздоўж ракі Мухавец. Маршрут разлічаны на некалькі дзён, і плануецца, што турысты пройдуць яго пешшу, на веласіпедах, на конях ці на лодках. Падчас экскурсіі, акрамя гістарычных славутасцяў, плануецца завярнуць і на страусіную ферму, і ў кобрынскі аквапарк. Праграма ўключае ў сябе тры маршруты цаною ад 75 да 90 даляраў з чалавека.

9. «Вяртанне дадому»

Распрацоўшчык — Вера Савіна. Гэты турыстычны маршрут вядзе ў вёску Старыя Васілішкі, на радзіму вядомага польскага музыкі, паэта і кампазітара Чэслава Немена, дзе ён пражыў першыя 20 гадоў жыцця. У вёсцы існуе музей Чэслава Немена.

10. «Скарбы літоўскага памежжа»

Распрацоўшчыкі — Наталля Марозава і Ірына Коваль. Аднадзённая экскурсійная праграма па памежных раёнах Гродзенскай вобласці дасць магчымасць убачыць не адну гістарычную славутасць тых мясцін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?