Анэкдот пра лесьніка, які ўсіх разагнаў, згадваецца з нагоды спрэчак між апазыцыянэрамі ў пытаньні парлямэнцкіх выбараў.

Лічаныя дні прайшлі пасьля ўзорнай дэманстрацыі яднаньня вакол ідэі "Эўрапейскага маршу" (будзе "акцыя са знакам якасьці" і ўсё такое…) — і вось вам зноў: хто ў лес, а хто па дровы. Ідэя пайсьці на наступныя выбары адным шыхтом — адзіны лёзунг, супольны мэсыдж, адзін дэмакратычны кандыдат на акругу — развальваецца на старце, як стары драндулет.

Матывацыя тых, хто хоча гуляць, як Кіплінгава котка, палягае ў наступным: ня зьвязвайце нашу ініцыятыву! Хаця асобныя з гэтых структураў (тая ж "Эўрапэйская кааліцыя") нават ня ўпэўненыя, што ўвогуле будуць вылучаць сваіх людзей. То бок шыхтавацца ня хочуць прынцыпова. І калі паглядзець на раскол паводле пэрсаналіяў, то гэта відавочнае рэха апошняга кангрэсу.

З "Эўрапейскім маршам" зразумела — зладзіць адну акцыю напаказ прасьцей, чым адбарабаніць супольна цэлую кампанію, што на ўсе 100% складаецца зь няўдзячнай чарнавой працы. Бяз шанцу ня тое што на мандаты, але і на эфэктную "карцінку".

Сапраўды, наіўна спадзявацца, што ўлада, захоўваючы звыклую моц, раптам возьме ды падзеліцца месцамі ў Палаце. Але ж калі так, калі ня зьменіцца электаральнае заканадаўства ды ня надта пахісьнецца "сацыялка" (што пакуль яшчэ цалкам імаверна), то, па вялікім рахунку, парлямэнцкія выбары стануцца такой самай рытуальнай дзеяй, як і марш. Таму парлямэнцкая кампанія, як і вулічнае шэсьце, выглядае для тытульнай апазыцыі хіба шанцам паказаць грамадзтву, што яна яшчэ дыхае і можа дзейнічаць асэнсавана ды мэтанакіравана. І вось гэты шанец марнуецца ад пачатку.

Калі складаць адзіны сьпіс, то "атрымаецца сытуацыя, што ў адной выбарчай акрузе кандыдат ад апазыцыі будзе выступаць за інтэграцыю ў Эўрапейскі зьвяз, а ў суседняй — за інтэграцыю з Расеяй. Гэта нагадвае шызафрэнію", — тлумачыць сэпаратныя настроі Мікола Статкевіч.

Свая лёгіка тут ёсьць. Але круціцца на языку непаліткарэктнае пытаньне: ці ня будзе ўражаньне шызафрэніі яшчэ мацнейшым, калі апазыцыянэры стануць цягнуць коўдру ў розныя бакі не ў суседніх, а ўвогуле ў адной акрузе? :)

А галоўнае — потым прыдзе лясьнік ды ўсіх разгоніць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?