На мінулым тыдні Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, распавяла, што супраць яе мужа ў магілёўскай турме адбываліся правакацыі. Жонка палітвязьня, аднак, ня ведала падрабязнасьцяў. Цяпер зьявіліся зьвесткі, якія крыху праліваюць сьвятло на здарэньні ў камэры Мікалая Статкевіча. Марына Адамовіч паведаміла карэспандэнту Свабоды:

«Ён сам папрасіў агучыць сутнасьць тых правакацый, якія былі ўчыненыя. Яму неаднаразова спрабавалі падаць ежу ў асобных, адмыслова пазначаных талерках. Упарта яму падсоўвалі гэтыя талеркі. Ён з іроніяй пытаўся ў турэмшчыкаў: „Што, хацелі мяне атруціць?“ Зразумела, што тут вэрсій можа быць шмат, але ён настойваў, каб пра гэта стала вядома».

Паводле Марыны Адамовіч, Мікалай Статкевіч адмаўляўся ад ежы, калі яе прапаноўвалі ў пазначаным асабіста для яго посудзе.

Мікалаю Статкевічу з газэт вядома пра акцыю салідарнасьці зь ім, якую наладзіў у Менску Павал Вінаградаў. Актывіст Павал Вінаградаў пакараны за гэта 12 суткамі арышту і адбывае пакараньне ў турме на Акрэсьціна. Мікалай Статкевіч прасіў перадаць Паўлу Вінаградаву словы ўдзячнасьці за падтрымку.

Таксама вядома Мікалаю Статкевічу і пра заўчасную сьмерць актывіста Міхала Шарамета.

«І пра Міхала Шарамета ён таксама даведаўся з газэт і вельмі смуткуе, таму што добра ведаў Міхала. Той быў сябрам нашай партыі і быў адным з тых трох людзей, якія ратавалі Міколу, выводзілі яго з ачапленьня з Плошчы 19 сьнежня. І, па сутнасьці, быў адным з апошніх, каго Мікола бачыў на волі».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня 2010 году. Палітык адбывае пакараньне ў магілёўскай турме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?