У суседняй Польшчы падобныя спаборніцтвы міжнароднага маштабу праходзяць ужо больш за дзесяцігоддзе, а ў нас касцы‑малайцы сабраліся памерацца сілай і майстэрствам упершыню. Ранкам у сераду ўсе сабраліся каля балота ў Здзітаве, якое загадзя было раздзелена на дзялянкі для зручнасці ўдзельнікаў. Падтрымаць землякоў і гасцей падцягваліся вяскоўцы. А ўжо нашага брата‑журналіста было, можа, па тры «адзінкі» на кожнага касца. Яно і зразумела: касьба ўручную паступова становіцца экзотыкай нават у сельскай мясцовасці ў эпоху камп’ютарызацыі жывёлагадоўлі і «Джон Дзіраў» на палях.

Якая б сучасная тэхніка ні прыходзіла на падмогу чалавеку, ёсць мясціны ў балотах, якія падтрымаць у парадку можна толькі з дапамогай дзедаўскай касы

Але якая б сучасная тэхніка ні прыходзіла на падмогу чалавеку, ёсць мясціны ў балотах, якія падтрымаць у парадку можна толькі з дапамогай дзедаўскай касы. Пра гэта гавораць спецыялісты заказнікаў, якія створаны менавіта для захавання аднаго з нашых галоўных прыродных багаццяў — балота.

— Хто б мог падумаць, — разважаюць жанчыны са Здзітава, — што наша балота стане сапраўднай славутасцю. — Мы яго некалі ледзь не пракліналі, калі даводзілася сена вывозіць на лодцы або ставіць у стажкі і чакаць марозу.

Алена Мікалаеўна Валасюк, тутэйшая жыхарка, успомніла, як у канцы 60‑х гадоў выдалася дажджлівае лета і па балоце разлілася вада. Тады кожны свае копы вывозіў на лодцы, на падворку сена сушылі яшчэ раз. Касіць на балоце было адзіным спосабам назапасіць корм для сваёй кароўкі. Зараз, паводле слоў Алены Мікалаеўны, людзі і гора не маюць. З кармамі для асабістай жывёлы дапамагае гаспадарка — толькі працуй, не лянуйся.

Ірына Быцкевіч, сакратар Здзітаўскага сельскага Савета, сказала, што ўчастак, дзе праводзяцца спаборніцтвы, перасталі касіць 17 гадоў таму. Належыць ён зараз Спораўскаму заказніку і ахоўваецца дзяржавай. Тут водзіцца рэдкая птушка — вяртлявая чаротаўка, растуць травы і кветкі, якія знайшлі трывалую прапіску ў Чырвонай кнізе. Ёсць у Здзітаве яшчэ адно балота, больш топкае і зарослае, чым гэта, дзе спачатку і намецілі спаборніцтвы. Там умовы для ўдзельнікаў чэмпіянату былі б больш экстрэмальнымі і складанымі, як таго і патрабуюць правілы падобных мерапрыемстваў. Але ў апошні момант, калі была складзена праграма дня, ад намечанага месца давялося адмовіцца. З ранку да абеду — увесь час спаборніцтва — іграла вясёлая музыка, самадзейныя артысты са Спорава забаўлялі народ жартамі, песнямі, сцэнкамі. А там побач знаходзяцца могілкі. І такая культурная праграма была б, вядома, не да месца.

Але і за дарогай насупраць канторы СВК, дзе праходзілі спаборніцтвы, умовы падаліся надзвычай складанымі, асабліва нетутэйшым. Іншая справа, што бралі ўдзел у чэмпіянаце людзі, знаёмыя з балотам, большасць з якіх працуюць у заказніках Брэстчыны. На жараб’ёўку выстраілася шэсць каманд па два чалавекі, якія прадстаўлялі дзяржаўныя прыродаахоўныя ўстановы і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.

Цяжкая асака з чаротам — гэта вам не касой на роўным лузе памахаць

І вось першая тройка каманд, памянціўшы косы, заступіла на старт. Мусіць, першым і было найцяжэй. Павышаная ўвага гледачоў, сонца, якое паліла як быццам за ўсе папярэднія дажджы, вада пад нагамі часам даходзіла амаль да калена, трава — цяжкая асака з чаротам — гэта вам не касой на роўным лузе памахаць. Што такое проста ісці па балоце, давялося і вашаму карэспандэнту выпрабаваць на сабе. Бо вельмі ж хацелася зрабіць хоць адзін кадр з самага напружанага моманту спаборніцтваў — з пракосаў. Для гэтага спатрэбілася закасаць джынсы і сысці з дарогі ўніз хоць бы да фінішнай стужкі. Баючыся п’явак ды іншых балотных насельнікаў, пантофлі я зняць не рашылася, так і скакала ў іх па купінах, якія пад нагамі тут жа пакрываліся чорнай балотнай вадой. Потым давялося сушыць абутак на асфальце і хадзіць паўдня басанож.

Сяргей Габец, дырэктар Выганашчанскага заказніка, убачыўшы мяне пасля таго, як я вылезла з балота, паспяшаўся супакоіць:

«Вы не перажывайце, што ногі замачылі, вада ў балоце гаючая, такія працэдуры вельмі карысныя для здароўя. Мы ўвесь час так ходзім, таму рэдка хварэем».

Сяргей Уладзіміравіч пазнаёміў мяне з адным з самых сталых удзельнікаў спаборніцтваў Пятром Пятровічам Мялікам. Гэты чалавек усё жыццё не расставаўся з касой. З дванаццаці гадоў выходзіў разам з бацькам на сенакосы. Кожны вясковы жыхар ведае, што касьба — цяжкая работа. Раней, калі жылі даволі бедна, апошні кавалак сала, лепшыя прадукты гаспадыні абавязкова прыхоўвалі на касьбу. Дык вось, пачуць, што нехта любіць касіць — вялікая рэдкасць. А Пётр Пятровіч аказаўся з такіх людзей. Цікава ён вызначыў сутнасць касьбы: «Калі косіш і душа радуецца — вось гэта касьба, а калі робіш гэта нават пад асабістым унутраным прымусам — гэта нарыхтоўка кармоў або проста скошванне травы».

Пётр Мялік сказаў потым, што калі б ведаў, што трэба арыентавацца толькі на секундамер, то быў бы першым. Ён па даўняй прывыч‑цы стараўся касіць прыгожа, да травіначкі. А маладзейшыя ўдзельнікі спаборніцтваў памяталі менавіта пра секундамер, які стаіць на фінішы і фіксуе час, за які касец праходзіць запаветную палоску. На тое і чэмпіянат, каб яго ўдзельнікі прызвычаіліся да ўмоў, набіраліся вопыту, вызначалі прыярытэты. Але ў канцы ў многіх удзельнікаў усё ж узніклі пытанні, як будзе ўлічвацца якасць пройдзеных пракосаў. Давялося суддзям прызначаць незалежную камісію для ўліку якасці, у склад якой увайшлі мінскія госці і адзін з мясцовых жыхароў. Мужчыны прайшлі па пракосах, і некаторым удзельнікам, якія паказалі найлепшы вынік у хвілінах, былі вылічаны штрафныя ачкі. Вось такім чынам і вызначылі лепшага. У асабістым першынстве пераможцам аказаўся Пётр Вярышка з каманды Спораўскага заказніка. У камандным заліку першае месца заваявала каманда СВК «Земляроб» Бярозаўскага раёна — гаспадары спаборніцтваў. Як кажуць спартсмены, родныя сцены дапамагаюць, у дадзеным выпадку — роднае балота.

Пераможцы паедуць у Польшчу на міжнародны чэмпіянат, каб памерацца сіламі з касцамі з Еўрапейскіх краін

Узнагароды ўручаны, прызы раздадзены, а пераможцам аб’явілі, што яны паедуць у Польшчу на міжнародны чэмпіянат, каб памерацца сіламі з касцамі з Еўрапейскіх краін. Як сказаў дырэктар Спораўскага заказніка Вадзім Пратасевіч, галоўны арганізатар спаборніцтваў:

«Першы вопыт такога мерапрыемства ў Беларусі можна лічыць у цэлым удалым. На наступны год будзем старацца зрабіць лепш. Можна запрашаць больш каманд. Удзельнікаў варта групаваць па ўзроставых катэгорыях, можна будзе выставіць і каманду жанчын, тым больш што жадаючыя ёсць».

А ў цэлым, паводле меркавання Вадзіма Пратасевіча, касцы паказалі амаль віртуозную работу. Такіх майстроў не сорамна пасылаць на спаборніцтвы любога ўзроўню. Значыць, можна быць спакойным за нашы запаведныя балоты, падтрыманне іх флоры ў надзейных руках.

Падобныя спаборніцтвы ў Еўропе, а цяпер і ў нас праводзяцца перш за ўсё для таго, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы захавання балота — унікальнага прыроднага ўтварэння, якое, дарэчы, выпрацоўвае кіслароду ў трыццаць разоў больш, чым лес. Тут захавалася шмат відаў раслін, жывёл, птушак, якія ў іншых месцах даўно зніклі. А для Беларускага Палесся балота — гэта яшчэ і асаблівы лад жыцця. Як заўважыў намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама Канстанцін Панасевіч, такое спаборніцтва ў пойме Ясельды ўяўляе сабой вяртанне да вытокаў. Ёсць магчымасць паказаць, як нарыхтоўвалі кармы нейкіх паўвека назад і параўнаць няхітры інструмент бацькоў і дзядоў з сучаснымі тэхнічнымі дасягненнямі.

«Бярозаўшчына накіроўвае сваіх землякоў на Алімпійскія гульні, — сказаў намеснік старшыні райвыканкама Яўген Тарасюк, — але ж мы можам ганарыцца не толькі спартсменамі, але і майстрамі, якія працуюць на зямлі. Спаборніцтвы праходзяць на тэрыторыі Спораўскага заказніка. А Спорава — сталіца нашага гумару. Тут умеюць і працаваць, і спяваць, і жартаваць».

Вядучыя з добрай беларускай мовы раз‑пораз пераходзілі на мясцовую спораўскую. І гучала ўсё да месца, прыгожа, сакавіта.

Сапраўды, культурная праграма свята, якую прывезлі самадзейныя артысты са Спорава, скарыла сваім асаблівым палесска‑спораўскім каларытам. Вядучыя Ніна Пашкевіч і Іван Тарасюк з добрай беларускай мовы раз‑пораз пераходзілі на мясцовую спораўскую. І гучала ўсё да месца, прыгожа, сакавіта. Стараліся ансамбль народнай песні «Спараўчане» і тэатр народнага гумару «Спораўскі акалотак». Многа вершаў, жартаў, анекдотаў было на тэму касьбы. Самадзейныя артысты падтрымлівалі касцоў і заводзілі гледачоў так, што некаторыя парываліся паспрабаваць сябе ў нялёгкай справе кашэння.

Але ж з такімі асамі‑касцамі як Пётр Вярышка, які выступаў за каманду Спораўскага заказніка, спаборнічаць у майстэрстве, пэўна, было б нялёгка. Выпадкова па дарозе дадому даведалася, што ён пастаянна працуе ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях Бярозаўскага раёна. Пра перамогу свайго падначаленага, які зараз у водпуску, начальнік Бярозаўскага райаддзела Аляксандр Пятроўскі яшчэ і не ведаў. Аляксандр Барысавіч адзначыў, што начальнік змены Вярышка — добры работнік, бацька траіх дзяцей. Калегі абавязкова павіншуюць яго з перамогай, калі вернецца на працу, і будуць хварэць за яго, калі ён паедзе прадстаўляць нашу краіну на міжнарожныя спаборніцтвы.

Святлана Яскевіч, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0