17‑гадовую жыхарку Карэлічаў (Гарадзеншчына), шукалі ад 3 жніўня. У забойстве дзяўчыны падазраецца 27‑гадовы тройчы асуджаны жыхар гарадзкога пасёлку.

Калі дзяўчына не вярнулася дамоў увечары (а раней зь ёй такога не здаралася) маці пазваніла ў міліцыю. Па трывозе ўзьнялі асабісты склад Карэліцкага РУУС, выклікалі экспэртаў з Горадні, паведамляе «Міліцэйскі весьнік». Пошукі не давалі плёну больш за тыдзень. Сьледчыя выклікалі на допыты ўсіх падазроных асобаў. Найперш цікавіліся тымі, хто раней адбыў тэрмін за згвалтаваньне, бо працоўнай вэрсіяй зьнікненьня школьніцы было менавіта цяжкое злачынства сэксуальнага характару. Асаблівую цікавасьць выклікаў тройчы асуджаны мясцовы жыхар, які колькі месяцаў таму вызваліўся з турмы, дзе адбываў пакараньне за згвалтаваньне. Малады чалавек ня меў алібі на той вечар, а на наступны дзень нечакана для сваякоў зьехаў у Менск. Найбольшае падазрэньне выклікала тое, што неўзабаве пасьля зьнікненьня дзяўчыны ён, нібыта, набыў мабільны тэлефон акурат такі, як у зьніклай. Падвёў падазраванага і дэтэктар маны. У выніку малады чалавек пагадзіўся даць сьведчаньні і паказаў сьледчым месца, дзе схаваў цела дзяўчыны. Гэта адбылося на дзясяты дзень пошукаў. Сьледзтвам займаецца абласная пракуратура.

Здарэньне справакавала надзвычайны розгалас у невялікім гарадзкім пасёлку. Пакуль дзяўчыну шукалі, падзея абрастала самымі неверагоднымі вэрсіямі і чуткамі. Нібыта яе бачылі ў кампаніі незнаёмых маладых людзей, альбо ўвогуле пераапранутую ў парыку ў адной з крамаў пасёлку. А ўсё таму, што гэта ня першы выпадак забойства маладых дзяўчат у Карэлічах. Два гады таму маладая жыхарка пасёлку вярталася з Наваградку дамоў і села ў выпадковае аўто зь незнаёмымі маладымі людзьмі. Дзяўчына пагадзілася паехаць зь імі ў Менск пры ўмове, што яе адвязуць назад. У выніку нявысьветленых абставінаў адзін з новых знаёмцаў задушыў дзяўчыну й схаваў у двары аднаго зь менскіх мікрараёнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?