Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 красавіка 2013 года склаў 131,7 трлн. рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2013 года на 3 трлн. рублёў, або на 2,3%.

Як паведамляе Міністэрства фінансаў, павелічэнне дзярждоўгу ў 2013 годзе ў найбольшай ступені абумоўлена ростам знешняга дзяржаўнага доўгу.

Унутраны дзяржаўны доўг на 1 красавіка 2013 года склаў 26,3 трлн. рублёў, павялічыўшыся з пачатку 2013 года на 0,5 трлн. рублёў.

Павелічэнне ўнутранага дзярждоўгу ў 2013 годзе абумоўлена размяшчэннем валютных дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб і ростам афіцыйнага курсу долара ЗША ў адносінах да беларускага рубля, адзначаюць у Мінфіне.

Знешні дзярждоўг на 1 красавіка 2013 года склаў 12,2 млрд. долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 149,9 млн. долараў ЗША (з улікам курсавой розніцы).

У 2013 годзе прыцягнута 569,2 млн. долараў ЗША, у тым ліку чацвёрты транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у 440 млн. долараў ЗША, 72,2 млн. долараў ЗША па крэдытах банкаў КНР і 40,7 млн. долараў ЗША па крэдыце ўрада РФ на мэты будаўніцтва АЭС, паведамляе Мінфін.

Ажыццёўлена планавае пагашэнне знешняга дзяржаўнага доўгу на 330 млн. долараў ЗША, у тым ліку выкананне абавязацельстваў перад МВФ па крэдыце "стэнд-бай" — 265,6 млн. долараў ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?