Ліберальна-дэмакратычная партыя заклікае ўсе палітычныя партыі, якія падтрымліваюць беларускую мову і культуру, не на словах, а на справе аказаць матэрыяльную дапамогу грамадскаму аб'яднанню «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ).

Развіццё грамадзянскай супольнасці і дэмакратыі, адзначаецца ў інфармацыйным паведамленні ЛДП, немагчымае без стварэння належных умоў для развіцця палітычных партый і грамадскіх арганізацый.

«Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі не маюць права займацца камерцыйнай і гаспадарчай дзейнасцю і існуюць выключна за кошт ахвяраванняў грамадзян. У сувязі з гэтым афіцыйна зарэгістраваныя палітычныя партыі і буйныя грамадскія арганізацыі павінны мець спецыяльны паніжальны каэфіцыент пры заключэнні дагавораў арэнды», — мяркуюць у ЛДП.

У хуткім часе ЛДП мае намер правесці круглы стол, на якім будзе ўзнята пытанне павышэння арэнднай платы. Па выніках мерапрыемства партыя плануе адправіць у дзяржаўныя органы канкрэтныя прапановы па вырашэнні праблемы.

Як раней паведамлялася, ТБМ звярнулася да грамадскасці па дапамогу ў сувязі з рэзкім ростам кошту арэнды 1 красавіка — з 5 млн. 100 тыс. рублёў да 9 млн. 801 тыс. 600 рублёў у месяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?