Такое рашэньне было вынесена ўвечары 17 жніўня, у Менскім гарадзкім судзе. Маладафронтаўцы зьбіраюцца падаваць скаргу ў Вярхоўны суд.

* * *

Сёньня ў гарадзкім судзе Менску праходзіў судовы працэс па позьве актывістаў незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» да ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму. Сталічныя ўлады ўжо некалькі разоў адмаўляліся рэгістраваць менскую гарадзкую арганізацыя «Маладога фронту». Апошняя адмова была падпісаная 5 ліпеня.

Інтарэсы «Маладога фронту» ў судзе прадстаўляе Настасься Лойка, упраўленьне юстыцыі — Натальля Янушкевіч. Судзьдзя — Зоя Салаўёва.

Ужо ў самым пачатку Наста Лойка зьвярнулася да суду з хадайніцтвам, каб справа была адкладзена на 26 жніўня з прычыны таго, што на суд не зьявіліся некаторыя ўдзельнікі працэсу. Аднак судзьдзя адхіліла хадайніцтва, бо палічыла, што Лойка можа адна прадстаўляць «Малады фронт» на судзе.

Яшчэ на суд былі заяўленыя прадстаўнікі грамадзкасьці — праваабаронцы цэнтру «Супольнасьць» Алена Танкачова і Юры Чавусаў.

Паводле спн.Янушкевіч «Маладому фронту» было адмоўлена ў рэгістрацыі з прычыны, «што арганізацыя заклікае да гвалтоўнай зьмены ўлады ў краіне, прагандзе вайны, міжнацыянальнай і расавай варожасьці». Калі Юры Чавусаў запытаўся, якую менавіта норму гэтага закону парушае «Малады фронт», то адказ быў наступны: «Усе».

Прадстаўніца ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму лічыць, што заяўленыя мэты арганізацыя не адпавядаюць мэтадам заяўленым у статуце. Натальля Янушкевіч кажа, што найхутчэй «Малады фронт» і надалей будзе працягваць дзейнасьці па арганізацыі несанкцыянаваных мітынгаў і пікетаў. Сваю ўпэўненасьць у гэтым яна абгрунтавала тым, што старшыня менскай арганізацыі «МФ» Зьміцер Хведарук неаднакроць прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасьці. «І як гэта стасуецца з хрысьціянскімі каштоўнасьцямі, якія запісаныя ў вашым статуце?» — пыталася судзьдзя Салаўёва.

У судзе абвясьцілі перапынак да 16:00, але рашэньне абвесьцілі пасьля 18-й.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?