3 мая вядомы беларускі мастак Мікола Купава прэзентаваў у офісе Партыі БНФ у Мінску праект «Тры партрэты Кастуся Каліноўскага», прысвечаны ўгодкам нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863—1864 гадоў.

Мастак прадставіў тры свае працы: «Кастусь Каліноўскі» (Лінарыт. 290х198 мм. 1976 г.); «Кастусь Каліноўскі. На пачатку» (Лінарыт. 500х365 мм. 1977 г.) і «Партрэт Кастуся Каліноўскага» (Каляровы лінарыт. 606х440 мм. 1978 г.) Гэтыя творы будуць экспанавацца ў офісе Партыі БНФ да канца мая.

На працягу гэтага часу можна будзе падаваць заяўкі на ўдзел у адкрытым аўкцыёне, які стане завяршэннем праекта. Палову атрыманых на аўкцыёне сродкаў мастак збіраецца перадаць на рэканструкцыю кляштара базыльянаў у Оршы. Гэты помнік віленскага барока 1770 года пабудовы (асвячоны ў 1774 годзе) ужо дзесяць гадоў стаіць без даху і разбураецца ад снегу, маразоў, дажджоў і сонца. У 1969 годзе ўлады горада разбурылі святыню Апекі Маці Божай, якая разам з кляштарным будынкам утварала адзіны, унікальны па прыгажосці комплекс. Мастак прапанаваў гарадскім і абласным уладам прыняць рашэнне аб аднаўленні комплексу кляштара цалкам, з касцёлам Апекі Маці Божай уключна. Але ўлады не надалі ўвагі гэтай праблеме і прапанове мастака. Мікола Купава заклікае людзей, якія цікавяцца мастацтвам, а таксама падзяляюць заклапочанасць станам архітэктурнай спадчыны, узяць актыўны ўдзел у дабрачынным аўкцыёне. Такі аўкцыён праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. Ахвотных узяць у ім удзел просяць тэлефанаваць на нумар +375-29-551-32-36 (МТС).

Паводле слоў майстра, сваёй акцыяй ён хоча падкрэсліць значнасць Кастуся Каліноўскага ў айчыннай гісторыі наогул і ў цяперашні перыяд, калі «мы фактычна апынуліся перад фактам яго, мякка кажучы, дыскрэдытацыі».

Паколькі ўсе тры партрэты розныя — і па фармаце, і па тэхніцы выканання, то і кошт іх будзе розны: ад 100 да 200 долараў, паведаміў Купава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?