Хакейная зборная 1995 года.
Міжнародная федэрацыя хакея забараніла фанатам балець за беларускую каманду з нацыянальнымі, бел-чырвона-белымі сцягамі. Падставай стаў пункт, паводле якога нельга выкарыстоўваць трыбуну спартовых матчаў для палітычнай агітацыі.
Як мяркуецца, Федэрацыя зрабіла такі крок з падачы лукашэнкаўцаў. Іх раздражняе той факт, што беларусы ў замежжы масава выкарыстоўваюць нацыянальныя колеры. У Беларусі людзей абшукваюць на ўваходах на стадыёны, а за мяжой людзі праносілі сцягі з сабой на трыбуны.
І законапаслухмяная шведская паліцыя мусіла выконваць указанне Міжнароднай хакейнай федэрацыі. Яны не ўлічылі спецыфікі Беларусі, дзе захоўваецца аўтарытарны рэжым.
Такія дзеянні хакейных функцыянераў, цесна схаўрусаваных з Мінскам — наступны хакейны турнір мае адбыцца ў Беларусі — выклікалі пратэст у шведскіх палітычных колах. «Забарона беларускага сцяга — гэта ганьба, – рэагуе дэпутат шведскага парламента Крысціян Холм. — Ганебна і няёмка, калі гэта праўда”, — напісаў палітык на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Шведскія палітыкі і праваабаронцы прадпрымаюць дзеянні, каб усё ж беларусам не забаранялі балець з нацыянальнымі сцягамі.
Шведы выйдуць на акцыю ў падтрымку бел-чырвона-белых сцягоў. Яна запланаваная на панядзелак.
Яны таксама просяць засылаць лісты з думкамі наконт гэтай сітуацыі на адрас арганізатараў Чэмпіянату свету. Э-адрас: [email protected]