Кіраўнік Федэрацыі хакея Яўген Ворсін расказвае, чаму нашы функцыянеры папрасілі не пускаць на матчы заўзятараў з беларускай дзяржаўнай сімволікай пачатку 1990-х.

«Я лічу, што гэта не заўзятары прыйшлі на матч, а прыйшлі нейкія староннія людзі, якім, па ўсёй верагоднасці, заплацілі грошы.
Таму што сярод іх былі і цёмнаскурыя. Незразумела хто ― нейкае рыззё, — выказвае сваё меркаванне кіраўнік беларускай Федэрацыі хакея Яўген Ворсін. — Яны стаялі і незразумела што крычалі. І якія дзеянні ў іх выклікалі захапленне ― незразумела. Проста неадэкватныя людзі. Я не лічу, што гэта заўзятары, мяркую, што ніхто на іх увагі не звяртаў.
Але мы звярнулі, таму што палічылі: магчыма, гэта нейкая правакацыя, не больш за тое. Але паўтараю, што гэта не заўзятары, гэта ― ангажаваныя кімсьці людзі».

Атрымліваецца, што з бел-чырвона-белымі сцягамі на трыбуны ўжо пускаць не будуць, так?

Яўген Ворсін: Я не ведаю, як і ў чым яны іх праносяць. Не ведаю, як будзе працаваць служба бяспекі. Але калі яны іх будуць вывешваць, то іх сапраўды будуць проста выдвараць з трыбун.

Як стала вядома, заўзець за нашу зборную ў Стакгольм прыехалі актывісты арганізацыі «Беларуская нацыянальная памяць», якая створана ў Польшчы. Старшыня БНП Анатоль Міхнавец патлумачыў, што цёмнаскурыя заўзятары і арабы ― гэта грамадзяне Швецыі, якія ўступіліся за бел-чырвона-белых беларусаў.

Як паведамлялася раней, беларускіх заўзятараў больш не пусцяць на матчы хакейнага чэмпіянату свету з бел-чырвона-белымі сцягамі і гербам «Пагоня». Пра гэта ў размове з «Радыё Свабода» заявіў генеральны сакратар хакейнага ЧС-2013 Тоні Вірэн.

«У адпаведнасці з правіламі Міжнароднай хакейнай федэрацыі мы не можам дазваляць любыя палітычныя сімвалы, знакі ці нешта падобнае ў месцы правядзення матчаў. Таму мы папрасілі прыбраць гэтыя сцягі».

Рашэнне прызнаць бел-чырвона-белы сцяг «палітычным знакам» было супольна прынята Міжнароднай федэрацыяй хакея і арганізатарамі чэмпіянату ў Швецыі.
Нагадаем інцыдэнт з беларускімі заўзятарамі адбыўся 3 траўня падчас хакейнага матчу Беларусь — Чэхія. Шведская паліцыя спрабавала забраць у беларусаў бел-чырвона-белы сцяг.

Нагадаем, бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі дзяржаўнай сімволікай Беларусі з 1991-га па 1995 год. У 2010-м «Пагоня» была ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

Сёння на чэмпіянаце свету зборная Беларусі згуляе са Славеніяй. Пачатак у 13:15.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?