Зборная Беларусі атрымала першую перамогу на чэмпіянаце свету па хакеі, абыграўшы 5 мая ў Стакгольме каманду Славеніі з лікам 4:3 (1:1, 1:0, 2:2, у беларусаў шайбы закінулі Казнадзей, Кітараў, Філічкін, Угараў).

У 3-м перыядзе гульня ішла на арэлях. Славенцы зраўнялі (2:2), беларусы выйшлі наперад (Філічкін, 3:2), славенцы зраўнялі, зноў беларусы выйшлі наперад (4:3, Угараў).

Нагадаем, што ў пятніцу, у сваім першым матчы, беларусы прайгралі Чэхіі 0:2.

У ходзе матча многіх цікавіла: ці ўдасца беларускім фанатам пранесці нацыянальныя сцягі. Удалося! Напачатку была вывешана Пагоня, а затым сталі з'яўляцца бел-чырвона-белыя сцягі побач з лукашэнкаўскімі, чырвона-зялёнымі. Вялікі сцяг, які зрабіў дзень на першым матчы, з чэхамі, спачатку не было відаць.

Яго, вялікі, сябры Беларускай нацыянальнай памяці разгарнулі на трыбуне за 7 хвілін да канца матча. Аднак тут жа на гэтых фанаў накінулася ахова, скруціла іх і выкінула з арэны.
Матывавалі свае дзеянні ахоўнікі тым, што сцяг перашкаджае тэхніцы бяспекі. Пра тое, што бел-чырвона-белыя сцягі — гэта "палітычная сімволіка", размова ўжо не ішла. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік БНП Анатоль Міхнавец.

Перад гэтым прадстаўнікі хакейнай арэны ў Стакгольме спрабавалі перашкодзіць сябрам БНП вывесіць маленькія бел-чырвона-белыя сцягі. Свае дзеянні яны таксама матывавалі тым, што сцягі могуць перашкодзіць тэхніцы бяспекі.

Як вядома, лукашэнкаўцы спрабавалі дабіцца ад арганізатараў турніру забароны на нацыянальную сімволіку на той падставе, што яна палітычная. Гэта выклікала хвалю абурэння ў Белнэце і шведскіх палітычных колах

У панядзелак — матч супраць Швецыі (21:15).

10 мая. Беларусь — Канада (21:15), 11 мая — Нарвегія — Беларусь (21:15).

13 мая. Данія — Беларусь (17:15), 14 мая — Беларусь — Швейцарыя (13:15).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?