Сёньня абвешчаны папярэднія вынікі парлямэнцкіх выбараў у Казахстане. Яны ўпершыню ладзіліся па прапарцыйнай сыстэме — паводле партыйных сьпісаў. "Элегантную перамогу" атрымала прэзыдэнцкая партыя "Нур Атан" — 88% галасоў.

Ніводная іншая партыя ня здолела перасягнуць 7-адсоткавы бар'ер. То бок апазыцыі ў іхнім мажылісе не дазволілі прысутнічаць нават сымбалічна.

Калі ў Беларусі некалькі месяцаў таму пачалі борзьдзенька ляпіць структуры "Белае Русі", палітызаваная публіка загаманіла, што і ў нас могуць зладзіць выбары паводле партыйных сьпісаў. Але гэта не падстава для эўфарыі. Казаскі прыклад яскрава сьведчыць: калі ўсё схоплена, псэўдадэмакратычная бутафорыя не перашкаджае захоўваць і нават ўмацоўваць аўтарытарызм. Назарбаеў пад маркай дэмакратычных рэформаў, як вядома, аформіў для сябе магчымасьць пажыцьцёвага прэзыдэнцтва.

Магчыма, каго-кольвек у Менску бярэ зайздрасьць. Астана спрытна пускае пыл у вочы Захаду. У прыватнасьці, з прыцэлам на старшынёўства ў АБСЭ. Дый факт тое, што Назарбаеў ня мае праблемаў зь візамі ў разьвітыя дэмакратыі.

Зь іншага боку, цэнтар Эўропы — гэта вам не Цэнтральная Азія. Беларускае грамадзтва, як ні трушчаць тут парасткі грамадзянскае супольнасьці, усё ж значна болей сасьпела для пераўтварэньняў. Хто ведае, мо' і гамэапатычныя дозы лібэралізацыі каталізуюць непажаданыя для ўладаў працэсы? Бадай, менавіта таму кіроўныя вярхі баяцца хай сабе касмэтычна, дзеля блізіру, перарабляць выбарчае заканадаўства. І ўвогуле ісьці на найменшыя саступкі што да дэмакратызацыі. Нават адпаведная лексыка, мусіць, лічыцца табуяванай:), у той час як казаскі правадыр любіць паразважаць пра палітычныя рэформы да разьвіцьцё плюралізму.

Заўважце: у Менску палічылі за лепшае страціць прэфэрэнцыі Эўразьвязу, чым даць трохі волі прафзьвязам. Бо палохае прывід польскай "Салідарнасьці". І слухаць ня хочуць пра лібэралізацыю мэдыйнай палітыкі — наадварот, маюць намер закруціць шрубы ў інтэрнэце. Дый партыяў да наступных выбараў, пэўна, паменее. Так што калі і вырашаць пусьціць Эўропе пыл у вочы выбарамі "а-ля Назарбаеў", дык электарат у сьпісах не заблытаецца:)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?