Каталіцкая дыяцэзія святога Язэпа.

Каталіцкая дыяцэзія святога Язэпа.

1200 кіламетраў еду на машыне

«Наша Ніва»: Вы ўжо дзесяць гадоў у Сібіры. Цяжка было прызвычаіцца да мясцовага каларыту?

Кірыла Клімовіч: Вядома ж! У Беларусі я быў дапаможным біскупам пры Казіміру Свёнтку, валадарства яму нябеснае. А тут стаў ардынарыем. Гэта самая вялікая епархія — больш за 10 мільёнаў квадратных кіламетраў. Шмат нацыянальнасцяў, не толькі расейцы, палякі ці беларусы. Але і якуты, бураты, эвенкі, хакасцы… І за ўсю гэтую тэрыторыю адказны я. Праблем хапае, святароў не надта шмат. У нас тут толькі тры святары¬расейцы. Астатнія са Славакіі, Амерыкі, Індыі, Інданэзіі… З Беларусі, на жаль, няма нікога.

«НН»: Як пераадольваеце такія адлегласці?

КК: 4—5 тысяч кіламетраў — гэта звычайная адлегласць. Калі менш за 1200 кіламетраў, то яшчэ еду на машыне. Далей — ужо на самалётах. Нядаўна быў у Петрапаўлаўску­Камчацкім — гэта самая далёкая кропка. Яшчэ ёсць Хабараўск, Сахалін. Шмат часу даводзіцца быць у ад’ездах. Па тэлефоне і інтэрнэце ўсіх праблем не вырашыш. На 15 чэрвеня, дзесяцігоддзе майго ўступлення на пасаду, планую правесці вялікую сустрэчу для святароў, манахаў, сясцёр епархіі.

«НН»: Ці ёсць нейкая спецыфіка службы ў аддаленых раёнах?

КК: У кожнай парафіі ёсць. Шмат каталікоў сярод якутаў і буратаў.

«НН»: Там моцныя мясцовыя традыцыі, вераванні?

КК: Канечне! Але нават з шаманамі мы маем добрыя адносіны. Мы ж усе людзі. Жывём у адной краіне. Без дыялогу ніяк.

З патрыярхам Кірылам стала прасцей

«НН»: У Іркуцку, мабыць, прасцей.

КК: Яшчэ ў Краснаярску, Уладзівастоку. Тут большыя парафіі. Але ёсць і такія святары, што ездзяць у вёскі, дзе 13—15 прыхаджанаў. Гэта ж не Беларусь, што ўзяў паехаў у Гомель, на Нарач, куды хочаш. У Іркуцку і Краснаярску па два касцёлы. Старыя яшчэ будаваліся тымі людзьмі, якіх сюды адпраўлялі ў высылку.«НН»: Якраз хацеў сказаць. Раней каталіцкіх святароў адпраўлялі ў Сібір толькі на катаргу, пасля паўстанняў ХІХ ст., падчас сталінскіх рэпрэсій…

КК: Мне ў мінскай дыяцэзіі людзі так і казалі: «Куды цябе заслалі». А я казаў, што паслалі, а не заслалі. Цяпер ужо не тое, што было раней. Зрэшты, куды б ні паехаў — у Нарыльск, яшчэ куды, — бачу там беларусаў. У Іркуцку таксама суполка беларусаў ёсць, але яны не надта ходзяць да касцёла. Сілай жа нікога не прывядзеш. Яны там розныя: нехта ў мэрыі працуе, нехта праваслаўны. Калядкі ла¬дзяць беларускія, але да касцельнага жыцця гэта не мае дачынення.

«НН»: З праваслаўнымі вернікамі ў Вас няма канфліктаў? Раней у Расіі яны былі даволі частымі.

КК: Дзякуй Богу, што ёсць дыялог. Асабліва калі патрыярхам стаў Кірыл, стала лягчэй. На мясцовым узроўні вельмі добрыя адносіны, дай Бог, каб так працягвалася далей.

«НН»: У Благавешчанску праваслаўныя не хочуць аддаваць каталікам стары будынак касцёла. Неяк удаецца вырашыць гэтае пытанне?

КК: Думаю, што праз год ужо вернуць. Там цяпер новы епіскап — Лукіян. Самы малады ў Расіі — 48 гадоў. Вельмі разумны чалавек. У Іркуцку таксама не можам вярнуць стары касцёл, арганную залу. Там цяпер філармонія.

Для якутаў пакуль па-расейску

«НН»: А якія праблемы Вас хвалююць найбольш?

КК: Праблемы аднолькавыя як у Беларусі, так і ва ўсім былым СССР. Праблема ў моладзі з успрыманнем сямейных каштоўнасцяў, з п’янствам. У нас яшчэ не так. А вось у закінутых мясцінах гэта вялікая праблема. Ці ёсць у карэнных народаў Расіі праблемы з алкаголем? Ва Улан­Удэ ў Бураціі, у якуцкім Алдане калі ідзеш да людзей з добрым сэрцам, то яны адказваюць тым жа. Людзі бачаць гэта і пераходзяць да нас у касцёл.

«НН»: А служыце для якутаў і буратаў па-расейску?

КК: Так, па-расейску. Быў у нас адзін клерык якут, але, мабыць, вырашыў, што служэнне — не ягоны шлях. Хутка прыедзе адзін славак, дык ён яшчэ ў сябе дома пачаў вывучаць якуцкую мову. Пэўна, будзе практыкаваць.

Бацькі былі «кулакамі»

«НН»: У Вас цікавы лёс. Нарадзіліся ў Казахстане, жылі ў Беларусі і Польшчы. Цяпер вось у Сібіры. А кім сябе лічыце?

КК: Чалавекам. Як казаў апостал Павел, для Хрыста няма ні грэка, ні юдэя. Заўсёды кажу, што я Божы цыган. Я там, куды пасылае мяне Бог. Але грамадзянства ў мяне беларускае.

«НН»: Як у Казахстане апынулася ваша сям’я?

КК: Прызналі кулакамі. Сям’я з Браслаўскага раёна. У нас была зямля, лес… Мама была цяжарная мной, калі яе высылалі ў Казахстан. Там я і правёў некалькі першых гадоў жыцця.

«НН»: А як удалося з’ехаць у 1960-¬я ў Польшчу?

КК: Гэта быў цуд. Канечне, не такі цуд, як адраджэнне Касцёла ў Беларусі, але ўсё адно. Бацька з’ехаў у Польшчу яшчэ ў канцы 1950¬х. Потым прыехаў да нас у годзе 1962 ці 1963. Яны з маці паехалі ў Маскву да пасла. Доўга збіралі дакументы, яшчэ некалькі гадоў прабылі ў Беларусі. У Польшчы я стаў святаром. Там жывуць мае браты. Бацькоў, на жаль, ужо няма.

«НН»: Чаму тады вярнуліся ў Беларусь у 1990-м?

КК: Адчуў патрэбу. Я ж тут з маладых гадоў выхоўваўся, жыў. Заспеў цяжкія гады для вернікаў, калі не давалі маліцца, нават білі школьнікаў за тое, што хадзілі да касцёла. Мне падалося, што той час [1990 год — «НН»] быў зручны, каб пачаць перадаваць людзям дабро і шчырасць. Дый святароў было мала.

«НН»: Мітрапаліта Кандрусевіча пасля працы ў Маскве перавялі назад у Беларусь. Можа, і вас так?

КК: Ой, не ведаю (смяецца). Не ад мяне гэта залежыць.

«Новы Папа — гэта супер»

«НН»: Як Вам новы Папа Францішак? Здаецца, ён спрабуе крыху рэфармаваць Касцёл.

КК: У Касцёле мы заўсёды паслухмяныя. Дай Бог, каб Папа рабіў тое, што робіць. Адкрыта і проста ішоў да людзей. Для мяне гэта супер. Аднойчы сустракаўся з Папам Бенедыктам XVI, дык ад спаткання з ім як добрая маланка прабегла. Цяпер вось Францішак. Па тым, што я чытаю, мне вельмі падабаецца ягоны падыход. Ён мне блізкі. Так што няхай ідзе да людзей.

«НН»: Вам амаль 61 год, а застаяцеся вельмі бадзёрым чалавекам.

КК: Бог дае ўсё. Калі з Богам жывеш у душы, то лягчэй. Як можна па-іншаму? Мяне мітрапаліт Кандрусевіч кліча на Будслаўскі фэст сёлета, я б з радасцю паехаў, але якраз у гэтыя дні адкрываю драўляны касцёл у вёсцы Вяршына (140 км ад Іркуцка). Потым ехаць у Абакан. А так я падтрымліваю сувязь з тымі людзьмі, з кім працаваў у Мінску, званю ім.

«НН»: Бачу, што беларускую мову таксама не забываецеся.

КК: Калі прыязджаю ў Беларусь, то імшу служу толькі па-беларуску. Мне гэта вельмі прыемна. Я ж на ёй вучыўся з малых гадоў. Хацелася б, канечне, ведаць лепш. Як прыеду ў Беларусь, скажу па¬вясковаму, дык так папрэ па¬беларуску, што ўжо і не спыніць!

***

Кірыла Клімовіч

Каталіцкі біскуп. Нарадзіўся ў 1952 у вёсцы Амангельды, каля Алма­Аты (Казахстан). Ад 1956 да 1965 жыў у Беларусі. Ад 1965 у Польшчы. Скончыў духоўную семінарыю ў Ольштыне. У 1990—1999 — пробашч касцёла ў Глыбокім. Ад 1999 — дапаможны біскуп пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У 2003 Папа Ян Павел ІІ прызначыў Клімовіча ардынарыем расійскай епархіі святога Язэпа. Віцэ-старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?