Акцэнт міжнароднай акцыі «Ноч музеяў», якая пачнецца 18 мая ў 20.00 у Нацыянальным гістарычным музеі (НГМ), будзе зроблены на 13-х гадах розных стагоддзяў у гісторыі Беларусі і Еўропы.
На гэты раз уся праграма «Ноч у музеі: гісторыя не дрэмле!» прысвечана чыслу 13 і «чортаваму тузіну». Наведвальнікі змогуць акунуцца ў атмасферу Мінска 1913 года, а, перайшоўшы ў іншую залу, — апынуцца ў Маскве 1813-га і гэтак далей.
«Спецыяльна для гэтай падзеі Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў шэраг інтэрактыўных прастораў і «жывых экспазіцый».
Усё гэта дазволіць наведвальнікам быць не проста пабочнымі назіральнікамі, але і далучыцца да жывога мінулага, бо гісторыя не дрэмле! Напрыклад, наведаўшы майстар-клас рамеснікаў, госці змогуць спасцігнуць мастацтва ганчарнай справы, увайшоўшы ў залу, прысвечаную музыцы, паўдзельнічаць у джазавай імправізацыі пад кіраўніцтвам прафесійных музыкантаў, а таксама пакінуць след у гісторыі, адлюстраваўшы сваё пасланне для нашчадкаў на спецыяльным «палатне гісторыі», — паведамляе экспазіцыйна-выставачны аддзел НГМ.
На выставе «Камунальная кватэра № 13» госці ў рэжыме анлайн могуць паназіраць за жыццём яе насельнікаў, прычым кожны жадаючы зможа згуляць з жыхарамі кватэры ў даміно.
У межах экспазіцыі «Гісторыя Беларусі XVI–XVIII ст.ст. у партрэтах і геральдыцы» можна будзе адлюстраваць сябе ў эстэтыцы сармацкага партрэта. На працягу ўсёй «Ночы музеяў» у залах будуць працаваць джазавыя калектывы. Гасцей чакае інтэрактыўная гульня «12 крэслаў + 1», а таксама спартыўная гульнёвая праграма для дзяўчат, прысвечаная 13 ліпеня 1908 года, калі ўпершыню да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях былі дапушчаныя жанчыны.
Для тых, хто прыйдзе з дзецьмі, будзе арганізавана гульнёвая пляцоўка на вуліцы, аформленая ў стылістыцы 1913 года.
Там можна будзе заняцца сумеснай дзіцяча-дарослай творчасцю, пагуляць у папулярныя гульні тых гадоў, зрабіць сямейнае фота. Асаблівым госцем «Ночы ў музеі» будзе вядомы беларускі стыліст Аляксандр Кірынюк са сваёй выставай-паказам, падрыхтаванай спецыяльна да гэтай акцыі. А ў дворыку музея будзе ўстаноўлена летняя сцэна, на якой будзе праходзіць выступленне шматлікіх артыстаў. Усё гэта разам з займальнымі конкурсамі і прызамі ад вядучай абяцае яркае і відовішчнае мерапрыемства.
Кошт уваходнага білета — 40 тысяч рублёў.
Для наведвальнікаў, якія нарадзіліся 13-га чысла, уваход бясплатны. Афіцыйнымі партнёрамі «Ночы музеяў — 2013» выступаюць кампаніі Japan Tobacco International і Майстэрня падзей SOLь
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?