N.R.M.

Гурт N.R.M. адмовіўся ад удзелу ў фэствалі «be2gether», бо «запозна запрасілі». Іхні канцэрт у Магілёве забаранілі, бо «ўмяшаліся таямнічыя ўплывовыя людзі». Цяпер беларускі гурт рыхтуецца да ўдзелу ў фэстывалі «Muzyka z oblezonego miasta» 2 верасьня ў польскім Любіне на мясцовым аэрадроме. Разам зь імі ў гэты дзень заяўлены Боб Гелдаф, гурты The Plastic People of Universe, The Ukrainians ды іншыя.

Цяпер лідэр каманды Лявон Вольскі знаходзіцца ў адпачынку. Пра сытуацыю з магілёўскім канцэртам апавядае гітарыст каманды Піт Паўлаў. Дарэчы, менавіта яго выява якраз і была зьмешчана на афішы імпрэзы:

«Мяне часта зьмяшчаюць на афішах замест Лявона. Гэта адбываецца выключна праз малую інфармаванасьць арганізатараў. Канцэрт плянавалася правесьці 26‑га жніўня ў мясцовым Палацы культуры, але мы яго перанесьлі на больш позьні тэрмін — 9‑га верасьня, бо ў гэты дзень не маглі выступіць. Наколькі я ведаю, аніякіх забаронаў не было». Між тым, Лявон Вольскі ў сваім блогу напісаў, што ўжо перанесены выступ N.R.M. — адменены: «Сытуацыя да болю знаёмая — умяшаліся таямнічыя ўплывовыя людзі, канцэрт адменены».

Цікава, што N.R.M. са сваёй волі адмовілася ад удзелу ў фэстывалі «be2gether», які адбудзецца 24‑26 жніўня ў Нарвілішках. Спачатку арганізатары ад Беларусі плянавалі запрасіць толькі «Ляпіс Трубяцкой» і «Drum Ecstasy», але потым вылучылі яшчэ адно вакантнае месца, якое заняў гурт IQ48. І вось у апошні момант вырашылі запрасіць і N.R.M.

«Мы адмовіліся, бо занадта позна запрасілі» — так растлумачыў ТГ прычыну адмовы Піт Паўлаў.

Але N.R.M. выступіць на іншым буйным эўрапейскім фэстывалю «Muzyka z oblezonego miasta», які пройдзе з 30 жніўня па 2 верасьня ў польскім Любіне на мясцовым аэрадроме. N.R.M., якія прадстаўлены на сайце фэстывалю чамусьці як «беларуская Nirvana», адкрыюць сваім выступам апошні дзень фэстывалю. Разам зь імі ў гэты дзень заяўлены Боб Гелдаф (той, што сыграў галоўную ролю ў фільме «Сьцяна» Pink Floyd), гурты The Plastic People of Universe, The Ukrainians, Lech Janerka ды іншыя.

SB, Тузін гітоў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру