Леанід Піталенка

Леанід Піталенка, старшыня Нацыянальнага культурнага цэнтра «Беларусь» (г.Алматы), увайшоў у лік дзевяці дэпутатаў мажыліса парламента ад Асамблеі народа Казахстана. Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Казахстане Васіль Гапееў, у час тайнага галасавання за Леаніда Піталенку свой голас аддалі 314 чалавек.

Паводле слоў дыпламата, цяпер у Казахстане пражываюць прадстаўнікі прыкладна 140 нацыянальнасцей і народнасцей. Беларуская дыяспара налічвае амаль 100 тыс. чалавек.

Раней, 18 жніўня, у Казахстане прайшлі выбары дэпутатаў у ніжнюю палату парламента (мажыліс) па партыйных спісах. Паводле даных інфармагенцтваў, якія спасылаюцца на Цэнтрвыбаркам Казахстана, на выбарах мажыліса атрымала перамогу партыя «Нур Атан», якую ўзначальвае прэзідэнт краіны Нурсултан Назарбаеў. «Нур Атан» атрымала 88,05 працэнта галасоў. Ні адна іншая партыя не пераадолела сяміпрацэнтны прахадны бар’ер.

У парламенцкіх выбарах прынялі ўдзел сем палітычных партый: Агульнанацыянальная сацыял‑дэмакратычная партыя, Народна‑дэмакратычная партыя «Нур Атан», Партыя патрыётаў Казахстана, Казахстанская сацыял‑дэмакратычная партыя «Ауыл», Дэмакратычная партыя Казахстана «Ак жол», Партыя «Руханіят», Камуністычная народная партыя Казахстана.

Выбары ў парламент былі назначаны пасля таго, як у чэрвені дэпутаты мажыліса папярэдняга склікання добраахвотна склалі свае паўнамоцтвы, каб пачалі працаваць усе заканадаўчыя папраўкі, унесеныя раней у канстытуцыю краіны. У прыватнасці, у новага складу палаты з’явіцца магчымасць даваць згоду на назначэнне прэм’ер‑міністра рэспублікі, а таксама большасці членаў урадавага кабінета. У адпаведнасці з папраўкамі, унесенымі ў канстытуцыю, 20 жніўня дзевяць дэпутатаў мажыліса выбраны ад Асамблеі народа Казахстана.

БЕЛТА

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру