У канцы пазамінулага года рэдакцыя Arche запачаткавала традыцыю выдання адмысловых нумароў, якія атрымалі ўмоўную назву “гуманітарных аглядаў”. Паводле задумы, дадзены праект мусіў спрыяць ажыўленню інтэлектуальнага жыцця ў Беларусі, ініцыюючы дыскусіі на розныя актуальныя для сучаснага беларускага грамадства тэмы і даючы крытычны аналіз апошнім дасягненням у сферы беларускай гуманітарыстыкі.

Да прыпынення выхаду Arche восенню мінулага года у свет паспелі выйсці тры “гуманітарныя агляды”.

На старонках першага з прапанаваных нумароў (№ 11 за 2011 год) надрукаваныя рэцэнзіі і агляды аўтарства Андрэя Ціхамірава, Вольфа Рубінчыка, Рамана Абрамчука, Андрэя Кіштымава, шэраг цікавых даследаванняў па гісторыі
(“Эпанімічная версія паходжання назвы Літва ў святле беларускіх рэфлексаў індаеўрапейскага блізнечага міфа” Сяргея Санько, “Прастытуцыя ў гарадах Беларусі: другая палова XIX — пачатак XX ст.” Таццяны Вароніч, “Праблемы сучаснага беларускага гісторыяпісання і калектыўная ідэнтычнасць” Алеся Смаленчука і інш.) і мовазнаўству (“Сыстэма часьцінаў мовы. Да іманэнтнай беларускай граматыкі” Юрыя Пацюпы і Паўла Букі). Таксама тут упершыню друкуюцца падборкі рэдкіх дакументальных крыніц: успаміны вядомага беларускага дзеяча Кузьмы Цярэшчанкі “Мой удзел у беларускім руху” (якім папярэднічае грунтоўная біяграфічная прадмова Уладзіміра Ляхоўскага і Андрэя Чарнякевіча, лісты Ванды Дзяржынскай да Вацлава Лукашэвіча (падрыхтаваныя да друку Марынай Запартыкай) і многае іншае.

ПОЎНЫ ЗМЕСТ ГЭТАГА НУМАРА ДАСТУПНЫ ТУТ.

Другі і трэці нумар з гэтай серыі (№ 4 і 5 за 2012 год) збольшага складаюцца з аглядаў і рэцэнзій на працы на беларусазнаўчую тэматыку, што выйшлі ў апошнія гады як у Беларусі, так і за яе межамі. У цэнтры ўвагі рэцэнзентаў аказаліся працы, датычныя самых розных галін гуманітарыстыкі: гісторыі, паліталогіі, этналогіі і культурнай антрапалогіі, мовазнаўства, урбаністыкі і аховы помнікаў, біблеістыкі, літаратуры, мастацтва, бібліяграфіі і інш.

Сярод аўтараў рэцэнзій – Пётра Садоўскі, Генадзь Семянчук, Аляксандр Пашкевіч, Алесь Смалянчук, Алег Латышонак, Дзмітрый Віцько, Віктар Жыбуль, Андрэй Катлярчук, Андрэй Вашкевіч і многія іншыя. На старонках аднаго з нумароў надрукавана таксама серыя інтэрв’ю з сучаснымі беларускімі выдаўцамі і распаўсюднікамі (Валерый Дубоўскі, Алесь Смалянчук, Раман Цымбераў, Анатоль Тарас, Павел Баркоўскі, Фарыд Беррашэд, Валер Булгакаў) аб перспектывах кніжнага рынку ў цяперашняй і будучай Беларусі.

ПОЎНЫ ЗМЕСТ ГЭТЫХ НУМАРОЎ ДАСТУПНЫ ТУТ (№ 4 за 2012 год) і ТУТ (№ 5 за 2012 год)

Выданні можна замовіць, даслаўшы электронны ліст на адрас [email protected]. Цана за камплект з трох нумароў — 99 тыс. рублёў + кошт дастаўкі. Акцыя працягнецца да 1 чэрвеня.

Замаўляючы выданне, у полі «Тэма» трэба пазначыць «Гуманітарныя агляды», а ў лісце падаць свае дакладныя каардынаты: паштовы адрас, індэкс, прозвішча і ініцыялы, тэлефон для камунікацыі. Прапанова дзейнічае толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?