Тоны паркетнай дошкі на 13 тысяч еўра рассыпаліся па траве ў Баранавіцкім раёне ў выніку аўтааварыі, паведамляе «Intex-press».

Каб дарагі ламінат не расцягнулі мясцовыя жыхары, на месцы здарэння пакінулі дзяжурыць супрацоўніка ДАІ.

Аварыя здарылася 15 мая на трасе Брэст-Мінск-мяжа РФ непадалёк ад вёскі Лясная Баранавіцкага раёна. Грузавы аўтамабіль «Вольва», які належыць расійскай фірме, ехаў з Брэста ў Расію.

Калі машына праязджала па тэрыторыі Баранавіцкага раёна, лопнула правае пярэдняе кола, аўтамабіль з'ехаў у кювет і, праехаўшы некалькі метраў па невялікай прасецы, упёрся ў дрэвы.

Кіроўца, на шчасце, не пацярпеў. А вось 22 тоны паркетнай дошкі коштам 13 тысяч еўра, якія ён вёз, рассыпаліся па траве.

«Кіроўца паведаміў аб тым, што здарылася ў фірму, і яму на падмогу даслалі работнікаў. Аднак, каб сабраць такую колькасць ламінату, патрэбныя не адны суткі. Між тым мясцовыя жыхары, якія ўбачылі, што здарылася, тут жа сталі падыходзіць і цікавіцца, чый груз. Увогуле, каб дарагі ламінат не расцягнулі за ноч, было прынята рашэнне пакінуць супрацоўніка ДАІ дзяжурыць на месцы здарэння», — паведамілі ў ДАІ.

Па факце аварыі праводзіцца праверка, сума шкоды высвятляецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?