Як паведаміў БелаПАН каардынатар офіса Сяргей Драздоўскі, мерапрыемства праходзіць пад дэвізам «Ад даступнасці — да роўнасці» ў рамках інфармацыйнай кампаніі «Даступнасць» і прысвечана пытанням усіх відаў даступнасці для людзей з інваліднасцю.

«Мэта нашага мерапрыемства — павышэнне ўвагі грамадства да праблем даступнасці, а таксама разумення даступнасці як ключавога паняцця Канвенцыі аб правах інвалідаў. Мы хочам, каб грамадства бачыла праблемы даступнасці значна шырэй, чым проста безбар’ернае асяроддзе.
Бо даступнасць — гэта не толькі пандусы і пад’ёмнікі. Перш за ўсё, даступнасць — гэта пераадоленне бар’ераў у нашай свядомасці ў выглядзе стэрэатыпаў і забабонаў», — адзначыў Драздоўскі.

Ён падкрэсліў, што важным у гэтым ключы з’яўляецца змяненне адносінаў з мэтай паўнапраўнага і эфектыўнага ўдзелу людзей з інваліднасцю ў жыцці грамадства, даванне ім магчымасці нармальна ўзаемадзейнічаць, працаваць, вучыцца, карыстацца паслугамі сувязі і транспарту, падарожнічаць і проста кантактаваць. Паводле слоў Драздоўскага, пералічанае становіцца магчымым, калі «грамадства бачыць праблему наяўнасці бар’ераў інваліднасці і будуе эфектыўныя палітыкі па іх пераадоленні: стварэнне безбар’ернага асяроддзя, даступнасць інфармацыі, выкарыстанне інклюзіі, выключэнне дыскрымінацыі, выкарыстанне тэхналогій, якія пашыраюць магчымасці ва ўсіх сферах жыццядзейнасці».

Тыдзень даступнасці ўключае ў сябе экспазіцыю і прэзентацыі інфармацыйных матэрыялаў, асветнай літаратуры, паказы фільмаў, сустрэчы, дыскусіі, прэзентацыі праектаў па тэме даступнасці.
Падчас «Тыдня даступнасці» пройдуць публічныя лекцыі беларускіх і міжнародных экспертаў у сферы даступнасці. У рамках тыдня 19 мая пройдзе Форум даступнасці, на якім грамадскія і дзяржаўныя арганізацыі прадставяць свае праекты ў сферы даступнасці. Таксама будуць арганізаваныя бясплатныя юрыдычныя кансультацыі.

Тыдзень праходзіць у Мінску па адрасе: праспект Пераможцаў, 49, галерэя «PRэзентацыя».

Праграма «Тыдня даступнасці» апублікаваная на сайце Офіса па правах людзей з інваліднасцю.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?