Аляксандр Лукашэнка заклікае спакойна ставіцца да вынікаў «Еўрабачання».

Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з таленавітымі навучэнцамі, студэнтамі і моладдзю, дзе прысутнічала і беларуская ўдзельніца конкурсу «Еўрабачанне» ў шведскім Мальмё Алёна Ланская.

«Як бы ні выступіў наш прадстаўнік на такіх публічных мерапрыемствах, якія глядзяць мільёны гледачоў, мы павінны гэта вельмі і вельмі паважаць. Тым больш што наша дзяўчына выглядала вельмі выгадна ў многіх адносінах на гэтым конкурсе. Але заўсёды трэба спакойна ўспрымаць падобныя вынікі», — мяркуе Лукашэнка.

«Я ведаю, Алёна, тваю рэакцыю на вынікі галасавання ў Расіі. Можаш у свой актыў запісаць 12 балаў, не менш,

— сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да спявачкі. — Гэта сведчыць аб тым, наколькі падобны конкурс не проста палітызаваны, а наколькі ён фальсіфікаваны.
Больш за тое, хто сочыць за сродкамі масавай інфармацыі, убачылі на прыкладзе адной з краін — там ужо разгарэўся цэлы скандал з нагоды фальсіфікацыі вынікаў галасавання.
Я ўжо не кажу пра галасаванне па геаграфічным прынцыпе».
«Таму трэба ўсё ўспрымаць спакойна, аб’ектыўна, слухаць і атрымліваць асалоду ад музыкі і выканаўцаў. Я абсалютна не хачу ў чымсьці западозрыць або прынізіць ролю пераможцы.
Сапраўды, дзяўчына з Даніі была вельмі добрая і нумар яе быў прыгожы, але не менш прыгожая была і наша дзяўчына. Таму прапаную спакойна ставіцца да вынікаў падобных галасаванняў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прадстаўніца Беларусі на конкурсе «Еўрабачанне-2013» Алёна Ланская заняла 16-е месца. Усяго яна атрымала 48 балаў. Самую высокую ацэнку — 12 — Беларусі і яе прадстаўніцы Алене Ланской паставілі ва Украіне. За Беларусь таксама прагаласавалі Ізраіль (3 балы), Малдова (4), Азербайджан (7), Арменія (5), Мальта (2), Грэцыя (1), Чарнагорыя (3), Грузія (5), Македонія (5), Літва (1).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?