Яўген Крыжаноўскі, Алег Трусаў і Алег Гайдукевіч

Яўген Крыжаноўскі, Алег Трусаў і Алег Гайдукевіч

Грамадскасць сабрала для ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» (ТБМ) каля 20 млн. рублёў, што дазваляе аплаціць двухмесячную арэнду офіса,
паведаміў старшыня арганізацыі Алег Трусаў.

Нагадаем, 2 мая ТБМ звярнулася да грамадскасці па дапамогу ў сувязі з рэзкім павелічэннем з 1 красавіка кошту арэнды офіса — з 5,1 млн. да 9,8 млн. рублёў у месяц. На наступны дзень стала вядома, што ТБМ не трапіла ў спіс са 195 грамадскіх аб'яднанняў, якім пастановай Савета міністраў ад 30 красавіка былі прадастаўлены льготы па арэнднай плаце.

«Вельмі шмат ахвяраванняў паступае ад простых грамадзян, якія пералічваюць па 5, 10, 20, 100 тысяч рублёў. За дзень дапамагае па 20-30 чалавек. Мы вельмі ўдзячныя простым беларусам», — сказаў Трусаў.

Ад арганізацый першая грашовая дапамога паступіла з Ліберальна-дэмакратычнай партыі, намеснік старшыні якой Алег Гайдукевіч 20 мая перадаў Трусаву 2 млн. рублёў.
Як паведамляе прэс-служба ЛДП, у ходзе сустрэчы з Трусавым Гайдукевіч адзначыў, што «адным з галоўных складальнікаў суверэнітэту любой дзяржавы з'яўляецца развіццё і ўмацаванне роднай мовы». «Для таго каб наша краіна заўсёды была незалежнай суверэннай дзяржавай, мы проста абавязаны развіваць і ўмацоўваць беларускую мову. Мы вельмі цэнім уклад ТБМ у пытаннях папулярызацыі, падтрымкі і развіцця беларускай мовы і культуры», — сказаў ён.

Іншыя арганізацыі дапамогу ТБМ пакуль не аказвалі. Паводле слоў Трусава, раней абяцаў аказаць дапамогу ад кампаніі «Гавары праўду!» яе лідар Уладзімір Някляеў.

Ён таксама паведаміў, што створаны электронны кашалёк, праз які можна ахвяраваць грошы на дзейнасць ТБМ у рознай валюце электронным спосабам праз інтэрнэт на рахункі Webmoney: B113622712368 (беларускія рублі), E283244759093 (еўра), B113622712368 (долары).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?