Адкрытае акцыянернае таварыства «МАЗ» 21 мая ў Мінску правяло прэзентацыю школьнага аўтобуса "МАЗ-241".

Цяпер Мінскі аўтазавод штомесяц выпускае каля 30 адзінак такіх аўтобусаў. Яны пастаўляюцца як спажыўцам Беларусі, так і ў Расію.

Прадстаўляючы машыну, галоўны канструктар па аўтобусах Юрый Сыракваш адзначыў, што аўтобус для расійскіх спажыўцоў крыху адрозніваецца. На аўтобусе для Расіі — надпіс «Дзеці», для Беларусі — «Школьны». Такое патрабаванне стандартаў дзвюх краін. Ёсць невялікія адрозненні ў форме сядзенняў, памеры фортачак.

У цэлым жа аўтобус цалкам адпавядае патрабаванням для перавозкі дзяцей.

Ёсць высоўная прыступка, сядзенні абсталяваныя прывязнымі рамянямі, ёсць крэслы для суправаджальнага, устаноўленыя пробліскавыя маячкі, знешняя гучнагаварыльная сувязь. Акрамя таго, машына абсталяваная прымусовым абмежаваннем хуткасці да 60 км/гадз. Даўжыня аўтобуса 6,8 м, у салоне размяшчаюцца 22 сядзенні. Аўтобус для расійскіх спажыўцоў аснашчаны рухавіком «Камінз» стандарту Еўра-4, для Беларусі — ААТ «Мінскі маторны завод» таксама стандарту Еўра-4.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?