Не сёння і не ўчора з’явіліся галасы пра тое, што паслядоўнікі Ісуса Назараніна — падазроная (мякка кажучы) групоўка. Хрысціянства — гэта «новы і злачынны забабон» — канстатаваў напачатку ІІ стагоддзя рымскі патрыёт, Гай Святоній Транквіл. «Што за нечуваная дурнота і што за бессаромнае нахабства! — усклікваў пад адрасам хрысціян ягоны сучаснік, адукаваны афрыканец па імені Франтон. — На храмы яны пазіраюць з пагардай, смяюцца з ахвярапрынашэнняў, спачуваюць жрацам, хоць ім самім патрэбна спачуванне (калі ўвогуле можна спачуваць такім людзям), грэбуюць пасадамі і цураюцца багацця, ходзяць сабе паўголыя. (…) З коранем трэба вырваць і прэч выкінуць гэтую секту!» «Хрысціянскі Бог — гэта настолькі абсурдны Бог, што яго трэба скасаваць, нават калі ён існуе» — прапаноўваў Фрыдрых Ніцшэ. «Хрысціянства — гэта вынаходка хворых мазгоў. Настане дзень, калі вайна закончыцца. І тады я буду лічыць, што завяршальнай справай майго жыцця стане вырашэнне рэлігійнага пытання», — абяцаў Адольф Гітлер. Ну, але абяцання свайго не стрымаў, бо не змог стрымаць…

Чарговая адслона барацьбы з хрысціянствам у «асвечанай» Еўропе адбылася напрыканцы ХХ стагоддзя. Прапаведнікі «новага атэізму», на чале з прафесарам Докінзам і журналістам Хітчэнсам пастанавілі прадоўжыць справу «вырашэння рэлігійнага пытання» і пачалі рыхтаваць дзеля гэтага адпаведную глебу. Рэлігійная вера — гэта своеасаблівы «вірус розуму» [virus of the mind], інфекцыйнае захворванне, якое вядзе да дэгенерацыі разумовых здольнасцяў — пераконвае на старонках «Ілюзіі Бога» прафесар Докінз. «Вера (я маю на ўвазе тут і надалей кананічную хрысціянскую веру ў бога) — гэта такі арганізм, які жыве ўнутры чалавека і выядае Чалавека знутры» — піша на старонках «Нашай Нівы» адзін мясцовы адэпт новага атэізму. Як бачым, Новая (то бок, Хрыстовая) Эра пазначана ярым супрацівам супраць хрысціянскай веры. Каларытныя эпітэты: «дурнота», «нахабства», «абсурд», «вынаходка хворых мазгоў», «вірус», «паразіт» не маюць ані апісальнай, ані выясняльнай вартасці, маюць, аднак, сваё значэнне як інфармацыя пра эмацыйны стан аўтараў гэтых эпітэтаў. За гэтымі эпітэтамі прачытваецца ірацыянальны страх перад Невядомай Сілай, якая не ўпісваецца ў звычаёвыя рамкі паняццяў і тлумачэнняў розных з’яў гэтага свету.

Хрысціянства явіцца — і старым, і новым атэістам — як адна з найбольш пачварных анамалій. І такая рэакцыя цалкам зразумелая. Я цалкам згодзен з тым, што хрысціянская рэлігія — гэта анамалія. Ну бо ці нармальна гэта, што Госпад, Валадар Сусвету, дазваляе сябе прыбіць да крыжа? Ці нармальна гэта, што хрысціяне — кінутыя галодным ільвам, у смяротнай агоніі — моляцца за сваіх пераследнікаў і не праклінаюць іх, а дабраслаўляюць? Ці нармальна гэта, што людзі, чыю найвышэйшую каштоўнасць — повязь з Богам — называюць «вірусам» і «паразітам», замест учыніць пагром, абмяжоўваюцца некалькімі вербальнымі пратэстамі?

Улюбёная тэма старых і новых змагароў з хрысціянствам — інквізіцыя, крыжовыя паходы, паляванне на чараўніц і, канечне ж, «клерыкальная педафілія». Што тычыцца спосабу асвятлення гэтай праблематыкі, то тут амаль ніякія каноны апісання, выяснення, кантэкстуалізацыі не дзейнічаюць. Таму рацыянальная дыскусія аб гэтых справах бывае крайне складанай. Ёсць, аднак, нешта інфарматыўнае і знамянальнае ў гэтай частаце звяртання да гэтых тэм і ў гэтым спрашчальніцкім падыходзе да іх. Справа ў тым, што такія з’явы, як інквізіцыя або крыжовыя паходы — гэта акурат тыя моманты, калі Царква набліжалася да логікі гэтага свету. Гэта нармальна (з пазіцыі гэтага свету), што пэўная група — маючы аказію — замацоўвае палітычную ўладу і паслабляе пазіцыі праціўнікаў. Інстытут Царквы — у сваім чалавечым вымярэнні — часам паддаваўся гэтай спакусе ўлады. І вось гэтыя моманты — калі Царква набліжалася да логікі гэтага свету, бо бок, калі яна станавілася «нармальнай» — найбольш улюбёныя для змагароў з хрысціянствам. Тут яны ажываюць і пафасна дэмаскуюць «злачыннасць» інквізіцыі або крыжовых паходаў. Праблема, аднак, у тым, што згаданыя з’явы былі злачыннымі, толькі калі глядзець на іх з пазіцыі хрысціянства. З пазіцыі гэтага свету інквізіцыя або крыжовыя паходы — гэта нармальная з’ява; эквіваленты якіх мы знаходзім ва ўсіх эпохах і ўсіх цывілізацыях (прытым толькі, што размах і брутальнасць гэтых эквівалентаў нашмат пераўзыходзілі хрысціянскія версіі).

Шаноўныя антыхрысціяне, старыя і новыя. Можаце высмейваць нас і папаўняць свой лексікон новымі, яшчэ больш з’едлівымі, эпітэтамі. Не сумняюся, што ў вас хопіць крэатыўнасці вынайсці яшчэ нешта больш бруднае і з’едлівае. Раіў бы — калі тут увогуле дазволена раіць — сем разоў задумацца перад тым, як цынічна высмейваць такія каштоўнасці, як прабачэнне, любоў і вера. Нас гэты ваш цынізм не знішчыць; вас — можа зжэрці. Менавіта «знутры».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?